Вальтэр Санчэс, генэральны сакратар Глябальнага зьвязу IndustriALL, які аб’ядноўвае больш за 50 млн прамысловых работнікаў у 143 краінах сьвету, зьвярнуўся зь лістом да членаў зьвязу.
20-ы дзень пратэстаў. Салідарнасьць з купалаўцамі, суды над журналістамі. Што адбываецца ў Беларусі
«Дарагія сёстры і браты! — піша Вальтэр Санчэс. — Мы ўсе з трывогай і абурэньнем сочым за сытуацыяй у Беларусі. Ціск на Лукашэнку працягвае расьці, і пратэсты цяпер дасягаюць вырашальнай фазы. Гэта павялічвае як шанцы на посьпех, так і, як мы назіраем сёньня, рызыку арышту кіраўнікоў забастовак і рызыку гвалтоўнага задушэньня масавых пратэстаў і забастовак па меры таго, як рэжым усё больш заганяецца ў кут. Беларускі рэжым павінен ведаць, што сьвет назірае; што гвалт — гэта не варыянт; і што варта паважаць права на страйк».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самая буйная фэдэрацыя прафсаюзаў ЗША асудзіла фальсыфікацыю выбараў і перасьлед дэманстрантаў і працаўнікоў у Беларусі
У сувязі з гэтым Глябальны саюз IndustriALL заклікаў свае членскія і партнэрскія арганізацыі «у падтрымку нашых сясьцёр і братоў у Беларусі» распачаць наступныя тры дзеяньні:
1. Далучыцца да глябальнай акцыі пры каардынацыі Міжнароднай канфэдэрацыі працы (МКП), заклікаўшы ўсе членскія арганізацыі па ўсім сьвеце сустрэцца на гэтым або наступным тыдні з прадстаўніком Беларусі ў адпаведных краінах і/або арганізаваць мірную і бясьпечную акцыю пратэсту каля амбасадаў Беларусі, каб прыцягнуць увагу да сытуацыі, зь якой сутыкаюцца працоўныя ў Беларусі, і падтрымаць іх права на страйк.
2. Падтрымаць кампанію LabourStart ў Беларусі па адрасе https://www.labourstartcampaigns.net/show_campaign.cgi?c=4488
3. Адправіць лісты салідарнасьці на ангельскай мове філіялам IndustriALL у Беларусі.
Раней салідарнасьць зь беларускімі страйкоўцамі выказалі іншыя прафсаюзныя арганізацыі сьвету, Эўропы і Расеі.