Жыхара Наваградку Дзяніса Кірэшчанку затрымалі дома ў ноч на 8 жніўня. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі за «масавыя беспарадкі». Ягоная жонка Вераніка запэўнівае, што яны ніколі не былі апазыцыянэрамі.
Вераніка Кірэшчанка расказала гісторыю свайго 36-гадовага мужа Дзяніса. Сям’я жыве ў Наваградку ў прыватным доме, у іх двое непаўналетніх дзяцей.
Прыкладна а гадзіне ночы 8 жніўня Вераніка пачула, як моцна забрахалі сабакі. Нехта пастукаў у акно. Пачала будзіць мужа. Убачыла, што праз плот пералезьлі вельмі шмат людзей у міліцэйскай форме і ў цывільным.
«Я была ў шокавым стане, не разумела, што адбываецца. Мы нават забылі запытацца, хто гэта. Я так зразумела, што гэта людзі і з Наваградку, і з Карэлічаў, і яшчэ аднекуль», — успамінае Вераніка.
Дома правялі ператрус. Паводле Веранікі, нічога не знайшлі, забралі сыстэмны блёк, ноўтбук, два мабільныя тэлефоны.
Дзяніса таксама адразу забралі, сказалі, што возьмуць тлумачэньні і ранкам адпусьцяць. Так ён і сядзіць ужо амаль тры тыдні. Спачатку яго перавялі ў Карэлічы, потым у Горадню.
Пазьней Вераніка даведалася, што мужа падазраюць у крымінальнай справе аб масавых беспарадках (частка 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Жанчына не разумее, за што яго трымаюць за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: вядома больш як пра 60 падазраваных па справе за «арганізацыю масавых беспарадкаў»«Мой муж ня ўдзельнічаў ні ў якіх групах, мы не хадзілі ні на якія мітынгі. Сачылі, як усе нармальныя людзі, за сытуацыяй у краіне. Для майго мужа было ня самае галоўнае, каго выберуць. Для яго было важнае разьвіцьцё эканомікі, бо ён індывідуальны прадпрымальнік, займаецца каванымі вырабамі. Нас цікавіла разьвіцьцё. І мы, як і ўсе нармальныя людзі, супраць гвалту. А астатняе, што будзе... Галоўнае, што ў нас няма вайны, спакойна», — кажа Вераніка.
На думку Веранікі, ёсьць адзіная зачэпка, празь якую Дзяніс мог мець дачыненьне да апазыцыі. Гэта было на пачатку тыдня перад выбарамі. Пасьля сустрэчы з даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай у Наваградку Дзяніса папрасілі падвезьці мужчыну, які выступаў на гэтай сустрэчы. Вераніка ведала яго толькі завочна, бо чула ягоную прамову. Пазьней яна даведалася імя актывіста — Уладзімер Гарох. Дзяніс тады не адмовіў і падвёз Уладзімера да дому. Той забыўся ў машыне нататнік, таму мужчыны сустрэліся яшчэ раз. Празь некалькі дзён Дзяніса затрымалі.
Пазьней сьледчыя прыяжджалі да Веранікі на допыт. Яна зразумела, што Гароха шукаюць, але ня могуць знайсьці.
Нядаўна жанчына атрымала ад мужа ліст. Паводле Дзяніса, калі б ён прызнаў віну, яго б выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Аднак ён піша, што ня хоча браць на сябе таго, чаго не рабіў.
«Сказаў, што будзе абараняць сябе да апошняга», — пераказвае мужавы словы Вераніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі падазраваных у масавых беспарадках палітвязьняміСям’я доўга ня мела дакладнай інфармацыі пра Дзяніса, праз тэлефон ім не пацьвярджалі, дзе ён.
«У сувязі з той сытуацыяй, што адбываецца, што людзі зьнікаюць, ня вельмі добрыя чуткі хадзілі, што знаходзілі і памерлых. Таму мяне вельмі парадавала, што хаця б мой муж жывы», — кажа Вераніка.
Адвакат нядаўна бачыў Дзяніса ў СІЗА, сказаў, што той выглядае досыць добра, яго ня білі, ён не схуднеў. Раней праблемаў з законам у Дзяніса не было, хіба што мог са спазьненьнем сплаціць падаткі.
«Ён прачынаўся а 5–6-й ранку, рабіў мне каву, на ім усё трымалася. Ён быў сьцяна, апора наша. Я цяпер баюся, бо я не працую, перажываю, як плаціць крэдыты, банкі чакаюць. Не разумею, колькі часу яго будуць трымаць, колькі будзе ісьці сьледзтва», — кажа Вераніка.
Калі ў Наваградку быў пасьля выбараў дазволены мітынг, Вераніка са сцэны расказала гісторыю свайго мужа.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.