Затрыманых лідэраў берасьцейскіх сацыял-дэмакратаў зьмясьцілі ў ІЧУ

Берасьце. 10 жніўня. Ілюстрацыйнае фота

Затрыманыя 27 жніўня старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі і старшыня гарадзкой структуры сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС, паведаміў БелаПАН праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Ігара Маслоўскага каля 11.20 на скрыжаваньні праспэкта Машэрава і вуліцы Камуністычнай і даставілі ў Ленінскі РАУС.

Пасьля гэтага Канюс прыйшла да будынку райаддзелу міліцыі даведацца, за што затрымалі Маслоўскага. Каля 14.00 да Канюс падышоў супрацоўнік міліцыі і спытаў, што яна робіць каля РАУС. Пасьля адказу міліцыянт прапанаваў ёй прайсьці ў будынак райаддзелу і пачакаць там. Праз 20 хвілін Канюс патэлефанавала аднапартыйцу і паведаміла, што яе затрымалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Думаю, што Маслоўскага і Канюс затрымалі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту прыхільнікаў перамен. Такімі рэпрэсіямі ўлады хочуць запалохаць людзей, каб тыя перасталі выходзіць на акцыі», — лічыць праваабаронца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктара рэклямнага агенцтва Васілевіча, які нядаўна адбыў 14 дзён арышту, затрымалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На плошчы Незалежнасьці журналістаў Радыё Свабода затрымалі ў жывым эфіры. ВІДЭА