Злучаныя Штаты адновяць санкцыі ў дачыненьні да Ірану 20 верасьня, у поўнач па Грынвічы. Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.
20 жніўня Пампэо асабіста перадаў у Раду бясьпекі ААН скаргу аб невыкананьні Тэгеранам абавязаньняў па ядзернай угодзе. ЗША спадзяваліся нанава запусьціць працэс аднаўленьня санкцый ААН і разбурыць ядзерную зьдзелку. Інданэзія, як старшыня Рады Бясьпекі ААН, адмовілася рабіць якія-колечы крокі, спаслаўшыся на адсутнасьць кансэнсусу на пасяджэньні. Расея асудзіла дзеяньні ЗША.
Раней Вашынгтон паспрабаваў правесьці праз Раду бясьпекі ААН рэзалюцыю аб працягу эмбарга на продаж зброі Ірану. Дзеяньне эмбарга заканчваецца 18 кастрычніка. Пасьля гэтага Тэгеран зможа закупляць зброю, у прыватнасьці, у Расеі і Кітаю без узгадненьня з Радай бясьпекі. ЗША лічаць, што гэта дэстабілізуе сытуацыю ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі і на Блізкім Усходзе. У выніку за працяг эмбарга выступілі ЗША і Дамініканская Рэспубліка, супраць — Расея і Кітай. Астатнія чальцы Рады бясьпекі ўстрымаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трампа афіцыйна вылучылі кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў
- Ядзернае пагадненьне было заключана ў 2015 годзе паміж Іранам і шасьцю краінамі — ЗША, Расеяй, Кітаем, Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай і Францыяй. Іран адмовіўся ад узбагачэньня ўрану да ўзроўняў, прыдатных для стварэньня ядзерных боезарадаў, у абмен на адмену міжнародных санкцый.
- У 2018 годзе ЗША ў аднабаковым парадку выйшлі зь ядзернай зьдзелкі і пачалі рабіць больш жорсткімі санкцыі. З дапамогай абмежаваньняў Вашынгтон хоча прымусіць Тэгеран заключыць новую зьдзелку, якая будзе тычыцца ня толькі ядзернай, але і ракетнай праграмы.
- Напружанасьць у адносінах паміж Вашынгтонам і Тэгеранам узрасла пасьля забойства іранскага генэрала Касэма Сулеймані на пачатку году і іранскага ўдару па амэрыканскіх базах у Іраку ў адказ на гэта 8 студзеня.