Каардынацыйная рада ня прыме замежнай дапамогі

Каардынацыйная рада

Каардынацыйная рада апублікавала заяву, у якой выказала шкадаваньне, што на запыт Лукашэнкі ў Расеі сфармаваная рэзэрва з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для выкарыстаньня ў Беларусі.

«Раней дзеючым прэзыдэнтам неаднаразова заяўлялася аб недапушчальнасьці зьнешняга ўмяшаньня ў справы Беларусі», — гаворыцца ў звароце Каардынацыйнай рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: сфармаваная рэзэрва супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што праблемы ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі маюць вырашацца:

  • выключна ў межах канстытуцыйнага поля,
  • у межах закону,
  • мірнымі сродкамі,
  • бязь зьнешняга ўмяшаньня.

Фармаваньне на тэрыторыі Расеі або іншай дзяржавы ўзброеных груповак для выкарыстаньня на тэрыторыі Беларусі Каардынацыйная рада лічыць недапушчальным, супярэчным міжнароднаму праву і пазыцыі беларускага грамадзтва.

Таксама Каардынацыйная рада прасіла замежных партнэраў устрымацца ад заяваў аб наданьні ёй дапамогі або аб прадстаўленьні гэтымі партнэрамі інтарэсаў беларускага грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму заява Пуціна мяняе палітычныя расклады ў Беларусі і вакол яе. Тры тэзісы Карбалевіча