Былы прэзыдэнт Грузіі, які займае пасаду кіраўніка ўкраінскага Выканаўчага камітэту рэформаў, Міхэіл Саакашвілі абвясьціў аб рашэньні вярнуцца на радзіму. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Палітык заявіў, што са створанага ім на пасадзе прэзыдэнта шмат што захавалася і функцыянуе ў краіне. Ён таксама папрасіў прабачэньня за памылкі, якія ён зрабіў, працуючы кіраўніком дзяржавы.
«У той жа час, калі я чую грузінскія навіны, разумею і ведаю, што мы можам жыць нашмат лепш. Кожны грузін можа быць багатым, і мы можам гэта зрабіць разам. Я вяртаюся», — заявіў ён.
Міхэіл Саакашвілі назваў Украіну сваім «другім домам» і сказаў, што заўсёды будзе дапамагаць двум народам.
У адказ на яго заяву міністар юстыцыі Грузіі Тэя Цулукіяні сказала: «Вядома, мы вітаем, калі Міхэіл Саакашвілі знойдзе ў сабе сілы і прыбудзе ў Грузію. Проста на мяжы яго чакае працэдура затрыманьня і турма».
Па словах Цулукіяні, Міхэіл Саакашвілі знаходзіцца ў вышуку і яму вынесены шэраг абвінаваўчых прысудаў, якія могуць быць перагледжаныя, пакуль ён будзе знаходзіцца ў турме.
Яшчэ ў 2014 годзе ў Грузіі ў дачыненьні да Саакашвілі былі вылучаныя абвінавачаньні ў арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году, у супрацьпраўным уварваньні ў будынак тэлеканалу Imedia і незаконным прысабечваньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, у арганізацыі нападу на дэпутата Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе, перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргуліяні і ў растраце дзяржаўных сродкаў у 2009–2012 гадах.
У 2018 годзе ён па частцы гэтых спраў быў завочна асуджаны на тры гады турмы. Пазьней у 2018 годзе Генэральная пракуратура Грузіі дадаткова абвінаваціла Саакашвілі ў датычнасьці да забойства Патаркацышвілі.