Свабода праверыла, што зь фінансамі на заводах, дзе тым ці іншым чынам пратэставалі супраць вынікаў выбараў і гвалту над пратэстоўцамі.
«Гродна Азот»
Гэтае прадпрыемства — буйны вытворца азотных злучэньняў і ўгнаеньняў. Рабочыя «Гродна Азоту» пасьля выбараў у Беларусі занялі цьвёрдую пазыцыю і аформілі свае патрабаваньні да ўладаў. Сярод іх новыя выбары і пакараньне адказных за гвалт над дэманстрантамі. 26 жніўня з рабочымі прыехаў сустракацца новы кіраўнік Горадзенскай вобласьці Ўладзімер Каранік. Сустрэча была закрытай.
За мінулы год чысты прыбытак «Гродна Азоту» склаў 82,3 мільёна рублёў (паводле парталу справаздачнасьці), таксама ў прадпрыемства 159 мільёнаў доўгатэрміновых абавязаньняў, гэта могуць быць крэдыты ці іншыя формы падтрымкі. На «Гродна Азоце» працуюць 7475 чалавек.
«Беларуськалій»
Цяпер буйны вытворца калійных угнаеньняў і стратэгічнае для Беларусі прадпрыемства «Беларуськалій» працуе ў рэжыме частковага страйку. 24 жніўня ў Салігорску затрымалі лідэра шахтароў Анатоля Бокуна, пазьней яго аштрафавалі на 675 рублёў і адпусьцілі. Чысты прыбытак «Беларуськалію» за мінулы год — 937 мільёнаў рублёў, на 31 сьнежня прадпрыемства мела 764 мільёны крэдытаў і пазык. Паводле аб’ёму прыбытку гэтае прадпрыемства чацьвёртае ў Беларусі пасьля двух НПЗ і ААТ «Газпром трансгаз Беларусь». Паводле Белстату, экспарт калійных угнаеньняў у 2019 годзе прынёс Беларусі 2,77 мільярда даляраў.
Сярэдні заробак у Салігорскім раёне ў першым паўгодзьдзі сёлета — 1647 рублёў, чысты прыбытак усіх арганізацыяў раёну — 133 мільёны рублёў. Таксама раён мае пратэрмінаваных крэдытаў на 150 мільёнаў рублёў.
МТЗ
Рабочыя Менскага трактарнага заводу прайшлі маршам па Менску 14 жніўня. Удзельнічалі рабочыя і ў іншых мітынгах і акцыях, а таксама выстаўлялі ўладзе патрабаваньне новых выбараў. За мінулы год завод працаваў з чыстым прыбыткам у 100,3 мільёна рублёў, за год прыбытак вырас у 37 разоў. Таксама завод мае 468 мільёнаў рублёў доўгатэрміновых абавязаньняў, тут працуюць 15,7 тысячы чалавек.
МТЗ — асноўны экспартэр сельскагаспадарчых трактароў зь Беларусі. У 2019 годзе ў Беларусі сабралі 39 575 трактароў для сельскай і лясной гаспадаркі.
БелАЗ
26 жніўня рабочыя БелАЗу правялі ў Жодзіне марш, на які сабраліся каля 500 чалавек. Працоўныя выставілі патрабаваньні: новыя выбары, вызваленьне ўсіх палітвязьняў. БелАЗ — буйны вытворца цяжкіх самазвалаў, у 2019 годзе чысты прыбытак заводу склаў 256 мільёнаў рублёў. Сярод іншага, завод мае на 65 мільёнаў крэдытаў, тут працуюць 11 тысяч чалавек.
Але ў студзені-траўні ўсе арганізацыі Жодзіна працавалі з стратамі на 4,4 мільёна рублёў, запазычанасьць усіх арганізацыяў гораду складае 52 мільёны, сярэдні заробак 1151 рубель.
МЗКЦ
Менскі завод колавых цягачоў вырабляе цяжкія пазадарожнікі і вайсковыя грузавікі. Менавіта тут рабочыя крычалі «Сыходзь!» Лукашэнку, калі ён наведаў завод 17 жніўня.
Летась завод працаваў з прыбыткам у 22,8 мільёна рублёў. У завода на 14,8 мільёна даўгоў, тут працуюць 4,5 тысячы чалавек.
МАЗ
На мінулым тыдні працоўныя МАЗу далучыліся да пратэстаў. Двойчы каля тысячы супрацоўнікаў сустракаліся каля галоўнага канвэеру з кіраўніцтвам заводу і выстаўлялі патрабаваньні новых выбараў і вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Актывістаў пачалі звальняць з заводу.
У 2019 годзе МАЗ паказаў мінімальны прыбытак — 33 тысячы рублёў. Летась завод быў у стратах. Доўгатэрміновыя абавязаньні заводу — 418,8 мільёна рублёў.
МАЗ — буйны пастаўнік грузавікоў у СНД, але ў 2019 годзе экспарт беларускіх грузавікоў скараціўся на 16,9% у параўнаньні з 2018 годам. Пры гэтым пастаўкі ў Расею зьнізіліся ўтрая.