Унівэрсытэт імя Масарыка адкрывае стыпэндыяльную праграму для студэнтаў і дасьледчыкаў зь Беларусі, якія зазнаюць перасьлед, паведамляюць чэскія СМІ.
19-ы дзень пратэстаў. Калесьнікава ідзе ў СК. Макей склікаў паслоў. Што адбываецца ў Беларусі
Такім чынам калектыў гэтай ВНУ адказвае на становішча ў Беларусі, дзе праходзяць масавыя акцыі пратэсту супраць аўтарытарнага прэзыдэнта.
Прапануюць стыпэндыі для 20 студэнтаў зь Беларусі памерам ад 10 да 12 тысяч чэскіх корун у месяц (ад $ 500 да $ 600) і магчымасьць падаць заяўку на навуковы грант да мільёна корун у год ($ 45 тысяч) для навукоўцаў, якіх перасьледуюць у Беларусі.
«Мы рэагуем на актуальнае становішча насельніцтва гэтай краіны, якое цярпіць і зазнае моцныя выпрабаваньні пасьля выбараў. Пры адборы будзе ўлічвацца якасьць прэтэндэнтаў», — сказала прэсавая сакратарка ўнівэрсытэту Тэрэза Фойтава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча і Літва спрашчаюць ўезд для беларусаў, нягледзячы на COVID-19
Раней на мінулым тыдні кіраўніцтва ўнівэрсытэту выказала глыбокую занепакоенасьць тым, што адбываецца ў Беларусі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі і разьвіцьцём падзеяў пасьля іх.
«Усё паказвае на тое, што нядаўнія выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі і што асноўныя дэмакратычныя правілы не выконваліся. У гэтым кантэксьце кіраўніцтва Ўнівэрсытэту Масарыка заклікала беларускія ўлады ўстрымлівацца ад гвалту і перасьледу пратэстоўцаў, якія не пагадзіліся зь недэмакратычным правядзеньнем выбараў, фальсыфікацыяй галасоў, выявілі імкненьне да дэмакратычных пераменаў і лепшай будучыні для сваёй краіны», — дадала Фойтава.