Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску апублікавала па выніках сустрэчы амбасадараў зь міністрам Уладзімерам Макеем заяву:
«Сёньня кіраўнікі дыпляматычных місіяў Эўрапейскага Зьвязу і дзяржаваў ЭЗ мелі магчымасьць абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Эўрапейскі Зьвяз уважліва сочыць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі як да выбараў, так і пасьля іх. ЭЗ неаднаразова заклікаў улады Беларусі шукаць адэкватныя рашэньні шляхам спыненьня гвалту і вядзеньня сапраўднага і шырокага нацыянальнага дыялёгу.
Менавіта з улікам гэтых абставінаў кіраўнікі дыпляматычных місіяў Эўрапейскага Зьвязу ў Менску папрасілі аб сустрэчы з Уладзімерам Макеем, на якую ён ласкава пагадзіўся.
Дыпляматы ЭЗ падкрэсьлілі, што толькі мірны і дэмакратычны працэс ва ўмовах незалежнасьці і свабоды СМІ і моцнай грамадзянскай супольнасьці дапаможа адшукаць устойлівыя рашэньні.
Кіраўнікі місіяў таксама выказалі захапленьне мужнасьцю, зь якою грамадзяне Беларусі выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і для абароны свайго права на свабоду і дэмакратычнае прадстаўніцтва.
Беларусы заклікаюць свае ўлады да адкрытага дыялёгу пра будучыню сваёй краіны. У гэтым кантэксьце эўрапейскія дыпляматы ўказалі на недапушчальнасць перасьледу сяброў Каардынацыйнай рады на пададзеных ўладамі падставах.
На сёньняшняй сустрэчы дыпляматы ЭЗ нагадалі аб раней накіраваных просьбах дазволіць наведваньне імі сьледчых ізалятараў і шэрагу грамадзян Беларусі, якіх паслы ЭЗ, якія працуюць у Менску, лічаць арыштаванымі выключна з палітычных матываў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей запрасіў амбасадараў на гутарку