Вядомы беларускі кардыёлаг Аляксандар Мрочак больш не дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія». Яго звольнілі з ініцыятывы наймальніка — міністэрства здароўя.
Як расказаў Аляксандар Мрочак Tut.by, 26 жніўня ў яго была размова з кіраўніцтвам ведамства, загаду ён ня бачыў. Але сёньня паінфармавалі, што «з ініцыятывы наймальніка» ад пасады ён вызвалены. Клінікай адмысловец кіраваў ад 2008 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі лекар Уладзімер Мартаў: сілавікі зрабілі злачынства. Дзе рэакцыя пракуратуры, Сьледчага камітэту?«Думаю, што ёсьць неабходнасьць кагосьці працаўладкаваць, — пракамэнтаваў Аляксандар Мрочак. — Калегі ня вельмі добра гэта прынялі, з раніцы я быў на працы, усе прыйшлі. Чакаем выканаўца абавязкаў міністра (Дзьмітры Піневіч), ён патлумачыць сытуацыю калектыву».
Ці ня зьвязвае мэдык гэтае рашэньне з тым, што лекары клінікі выходзілі на пікеты?
«Мяркую, але ўпэўнена не магу сказаць, бо пра гэта не гаварылася. Але ўчора-пазаўчора было якраз было пра пікеты, што непажадана выходзіць... Што ж зробіш, я ня вольны ні пратэставаць, ні прадпрымаць нейкія намаганьні, бо рашэньне прынятае, ёсьць такі артыкул».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 500 мэдыкаў запатрабавалі адстаўкі ЛукашэнкіХто будзе кіраваць цэнтрам замест Мрочака, ён пакуль ня ведае. Выканаўцай абавязкаў будзе Маргарыта Бельская, цяпер яна намесьніца дырэктара з навуковай працы.
Міністэрства пакуль недаступнае для камэнтару.
Аляксандр Мрочак — вядомы кардыёляг, яго цэняць калегі ня толькі ў Беларусі, а і за мяжой. Заслужаны дзяяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар мэдычных навук, прафэсар. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.
У РНПЦ «Кардыялёгія» праводзяць унікальныя апэрацыі на сэрцы, а ў 2024 годзе плянуюць запусьціць цэнтар гібрыднай хірургіі.