Лукашэнка пакуль мае падтрымку дзяржаўнага апарату Беларусі. Але некаторыя чыноўнікі на знак пратэсту сыходзяць са службы. Што яны думаюць пра сытуацыю? DW пагутарыла з адным з дыпляматаў, які звольніўся з МЗС.
Павал Мацукевіч быў адным з чатырох дыпляматаў, якія ў першыя дні пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня публічна раскрытыкавалі дзеяньні беларускіх уладаў. Выказваньне Мацукевіча было, напэўна, самым просталінейным. «Лукашэнка павінен сысьці», — напісаў ён. Сваёй заявай супрацоўнік МЗС, зь ягоных уласных словаў, хацеў выказаць «прынцыповую нязгоду як грамадзяніна, чыноўніка і дыплямата з гатоўнасьцю кіраўніка дзяржавы адстойваць сваю ўладу любымі сіламі і сродкамі, цаной дабрабыту нашай краіны і, магчыма, коштам незалежнасьці і сувэрэнітэту».
Пагаджацца на Лукашэнку ці не? «Кожны вырашае сам за сябе»
Мацукевіч вярнуўся з Швайцарыі ў Беларусь у канцы чэрвеня і быў уражаны размахам гвалту на вуліцах сталіцы ды іншых гарадоў у першыя дні пасьля выбараў. «Я ня мог сабе ўявіць, што такое можа адбывацца ў Менску», — прызнаецца ён. І кажа, што рашэньне сысьці зь дзяржаўнай службы прыняў самастойна — з калегамі з гэтай нагоды не размаўляў, іхных настрояў ня высьвятляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі дыплямат Павал Мацукевіч: паводзіны Лукашэнкі — пагроза сувэрэнітэтуСвой крок — сыход зь дзяржаўнай службы — ён лічыць найменшай стратай для сябе. «Людзі зьніклі! Людзі загінулі. Людзі перажылі такія акты гвалту... І гэта рабілася сваімі ж... Беларусы паддалі беларусаў такім рэчам. Страта працы ў цяперашніх умовах — проста дробязь», — перакананы былы дыплямат. Што ён будзе рабіць пасьля сыходу з МЗС, Мацукевіч пакуль ня ведае — ён лічыць бессэнсоўным укладаць пляны. «Цяпер плянаваць — цалкам несур’ёзна, — мяркуе ён. — Ісьці ў нейкі бізнэс? Сам бізнэс разважае аб сыходзе зь Беларусі. Тут трэба перажываць пра лёс Бацькаўшчыны, як бы патасна гэта ні гучала».
Што напішуць пра Лукашэнку ў падручніках гісторыі?
Мацукевіч як дзяржаўнік перажывае за Беларусь, якая, паводле яго, скочваецца ў глыбокі крызіс «толькі таму, што адзін чалавек не жадае прызнаць выбару народу». У Лукашэнкі быў шанец увайсьці ў падручнікі гісторыі для нашчадкаў, але цяпер, кажа Мацукевіч, «усе дасягненьні, якімі мы ганарыліся і якія можна было б запісаць у актыў дзейнага кіраўніка, скасоўваюцца. Ён прымудрыўся нават сысьці ў мінус».
Галоўнай стратай Мацукевіч лічыць разрыў стасункаў з Захадам. «Мы перасталі быць эканамічна незалежнымі, пазбавіўшыся заходняга вэктару: інвэстыцыяў, крэдытаў, другога крэсла для манэўру. Мы адыдзем да Расеі, не дэ-юрэ — ім патрэбны голас на міжнароднай арэне. А вось дэ-факта мы хутка і непрыкметна трапім у поўную васальную залежнасьць».
Беларусь губляе і зь вялікай цяжкасьцю заваяваныя пазыцыі на IT-рынку, упэўнены Мацукевіч: «Цяпер нашым ключавым экспартам стане моладзь».
Лукашэнка быў «легітымным», а цяпер вядзе краіну «ў пекла»
Беларусь не была дэмакратыяй, але ранейшыя перамогі Лукашэнкі на выбарах хаця б можна было лічыць «легітымнымі ўнутры краіны», кажа Мацукевіч: «Так, таксама былі акцыі пратэсту і сядзельцы, — тут у беларусаў памяць кароткая, як быццам гэта першы раз ужыты гвалт да дэманстрантаў, як быццам ніхто не сядзеў у турме. Але насельніцтва прымала вынікі выбараў».
Цалкам відавочна, лічыць былы дыплямат, што абвешчаныя вынікі апошніх выбараў не адпавядаюць рэчаіснасьці і не былі прынятыя людзьмі. Няспынныя акцыі пратэсту, якія доўжацца больш за два тыдні, Мацукевіч называе «агульнанацыянальнай нязгодай».
Але Лукашэнка, хоць і ведае пра сапраўдны стан рэчаў («Немагчыма гэтага ня бачыць», — упэўнены Мацукевіч), сапраўды лічыць сябе выратавальнікам і выбару народу не давярае. Лукашэнка «апраўдвае ўсё, што адбываецца, нейкімі добрымі намерамі, але гэта хуткасная дарога нашай краіны ў пекла», — перакананы былы супрацоўнік беларускага МЗС.
Каардынацыйная рада «занятая ня тым»
Простага выхаду зь сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, Павал Мацукевіч ня бачыць. «Відавочна, — лічыць ён, — што мірныя пратэсты не ўяўляюць для дзейнага кіраўніцтва ніякай небясьпекі». Час пратэстаў Лукашэнка выкарыстаў для таго, каб, як кажа Мацукевіч, «перафарматаваць» сытуацыю. Ён пералічвае ўсе, што выпрабавалі ўлады, спрабуючы пераламаць сытуацыю: акты гвалту, зь яго словаў, не далі эфэкту, тады былі арганізаваныя альтэрнатыўныя мітынгі, падыходы да страйкоўцаў; улады прыцягнулі піярнікаў з Расеі і «культывуюць» у дзяржаўных СМІ страхі перад эканамічнымі стратамі ад пратэстаў. «Нешта атрымалася, нешта не. Дзесьці яму ўдалося перахапіць ініцыятыву», — мяркуе былы дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як і аб чым можна дамовіцца з Лукашэнкам?На гэтым тле дзейнасьць Каардынацыйнай рады для транзыту ўлады (КР) у былога беларускага дыплямата не выклікае аптымізму. Мацукевіч лічыць бессэнсоўнай ініцыятыву КР адклiкаць мандаты ў дэпутатаў. «Парлямэнт нябачны, нячутны і ролі не адыгрывае», — перакананы ён. Крытыкуе ён і патрабаваньне аб адстаўцы кіраўніка МУС, які, паводле яго, «ня грае галоўную скрыпку», і іншыя заявы КР.
Якая сіла можа паставіць ультыматум
Павал Мацукевіч упэўнены, што КР варта было б засяродзіцца на працы з калектывамі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. «Сіла, якая можа паставіць рэальны ўльтыматум і схіліць кагосьці да пераходу (у апазыцыю. — РС), — гэта працоўныя з буйных прадпрыемстваў. Калі на прахадных буйных заводаў накшталт МТЗ пачуўся шоргат, ён быў пачуты. Тая сіла, што ў свой час прывяла Аляксандра Рыгоравіча ў 1994 годзе да ўлады, можа яго адтуль і вывесьці», — перакананы Мацукевіч.