Белсат паведаміў, што зьнік журналіст гэтага тэлеканалу Арцём Лява. Сёньня ўвечары ён здымаў акцыю на плошчы Незалежнасьці. Там затрымалі прынамсі 14 чалавек.
Акрамя таго, амапаўцы зачынілі ўсе дзьверы ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены і нікога не выпускалі.
Увечары на плошчы сабраліся некалькі сотняў чалавек. Рух на плошчы Незалежнасьці на нейкі час перакрылі. Затрыманьні пачаліся каля 20.30.
Незадоўга да іх пачатку ў Менску пачаліся праблемы з доступам у інтэрнэт, якія назіраліся каля гадзіны. Інтэрнэт блякаваўся на распараджэньне ўладаў.
Сілавікі заблякавалі ў Чырвоным касьцёле, што на плошчы Незалежнасьці ў Менску, каля 100 чалавек. Касьцёл зноў адчынілі толькі праз 30–40 хвілін.
Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі заявіў пратэст у сувязі зь дзеяньнямі сілавікоў, якія заблякавалі ўваход і выхад у Чырвоны касьцёл, паведамляе Сatholic.by, і папярэдзіў улады Беларусі і кіраўніцтва сілавых структураў, што падобныя дзеяньні — «недапушчальныя і незаконныя».
«Касьцёл зьяўляецца сьвятыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць усе жадаючыя. Блякаваньне ўваходу і выхаду людзей супярэчыць гарантаванаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь праву грамадзянаў на свабоду сумленьня і веравызнаньня, абражае пачуцьці вернікаў і выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых», — заявіў біскуп Юры Касабуцкі.