У Менску ўвечары 26 жніўня зноў назіраюцца сурʼёзныя праблемы з доступам у інтэрнэт.
Незадоўга да гэтага апэратар A1 папярэдзіў абанэнтаў аб магчымым істотным пагаршэньні якасьці мабільнага інтэрнэту — на патрабаваньне дзяржорганаў.
«У адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважаных дзяржаўных органаў 26 жніўня з 20:40 на тэрыторыі Менску будзе зьніжана прапускная здольнасьць мабільнага інтэрнэту. Выкананьне гэтага патрабаваньня вядзе да істотнага пагаршэньня якасьці сэрвісу перадачы дадзеных або часовай недаступнасьці паслугі», — паведаміла кампанія ў сацсетках.
Апэратар выказаў спадзеў на хуткае аднаўленьне абслугоўваньня.
Пазьней у А1 дадалі, што «па стане на 21.50 паслуга мабільнага інтэрнэту прадстаўляецца ў поўным аб'ёме. Пры гэтым у сувязі зь дзеяньнямі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў таксама недасяжнай у пэрыяд з 20.50 да 21.00 была і фіксаваная сувязь А1».
Апэратар МТС таксама паведаміў, што «ў рамках мерапрыемстваў, якія праводзілі ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы па забесьпячэньні дзяржаўнай бясьпекі» сёньня пасьля 20.00 быў абмежаваны доступ у інтэрнэт.
Увечары прайшлі затрыманьні на плошчы Незалежнасьці, дзе адбываўся традыцыйны ўжо пратэставы мітынг. Супрацоўнікі АМАП выціснулі з плошчы некалькі соцень чалавек, ачапілі яе цэнтральную частку, пасьля чаго пачаліся затрыманьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрыманьні, АМАП заблякаваў людзей у Чырвоным касьцёле. Каталіцкі біскуп заявіў пратэст сілавікам
Праблемы з мабільным інтэрнэтам апошні раз назіраліся ў Менску 23 жніўня, падчас масавай акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.