«Гук дубінак не забыць ніколі». Затрыманы мянчук зьняў на камэру, што рабілі з затрыманымі ў аўтазаку. ВІДЭА

Ілюстрацыйнае фота

Затрыманы 48-гадовы Дзяніс Германаў зьняў на відэа, што адбывалася зь ім да затрыманьня, а таксама як білі затрыманых у аўтазаку. На ягонае зьдзіўленьне, праваахоўнікі ня выдалілі відэа з камэры. Ён падзяліўся відэа з парталам Tut.by.

«Дзяніс Германаў уключае відэа, закрывае рукамі твар і плача. Другі раз за час нашай размовы. Мы глядзім гэтыя кадры моўчкі», — распавядае выданьне пра размову зь Дзянісам Германавым.

«Гэты гук, гук дубінак, не забыць ніколі», — кажа Дзяніс.

Яго затрымалі ўвечары 10 жніўня на праспэкце Пераможцаў. Ён стаяў у ланцугу салідарнасьці, а калі падляцеў АМАП, падняў рукі ўверх, не супраціўляўся, ня лаяўся матам, не хапаў нікога за форменнае абмундзіраваньне. Гэта пацьвярджае поўная вэрсія відэа, якая ёсьць у рэдакцыі.

Білі так моцна, так, што мужчыны плакалі

На відэа, якое Дзяніс зьняў у аўтазаку, відаць, што затрыманых білі, і білі моцна, так, што некаторыя мужчыны плакалі.

«На Акрэсьціна людзі вылі проста, іх білі сьмяротным боем», — адзначае мужчына.

Паводле Дзяніса, яго зьбілі тройчы: падчас затрыманьня, у аўтазаку і калі прывезьлі ў ізалятар.

«Яшчэ перад судом міліцыянт прыйшоў у камэру, адкрыў кармушку, спытаў: буду згодны з рашэньнем ці не. Варыянтаў было два. Калі ня згодны — 50/50, што зноў атрымаеш дубінкамі і максымальны тэрмін — 25 сутак арышту. Калі згодны — ад 10 да 15 сутак. Разумееце, такое адчуваньне было, што мы забойцы», — кажа Дзяніс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Судзьдзя: «Гэта няважна»

На судзе ён пагадзіўся з тым, што быў на акцыі, але сказаў, што нікога не абражаў, не нападаў, не рабіў нічога супрацьзаконнага. Судзьдзя адказала: «Гэта няважна». Дзяніса Германава асудзілі на 12 сутак.

У яго на руках дагэтуль няма копіі пратаколу, пастановы суду, толькі папярэджаньне, што наступны раз гэта ўжо крымінальны артыкул. Таксама, як сказаў Дзяніс, ён вінен дзяржаве за кожны дзень у ізалятары 13,5 рубля за ежу, а насамрэч «нам далі бохан хлеба на 66 чалавек і вады».

«Па начах нас не выводзілі (іншыя затрыманыя расказваюць, што па начах у прагулачным дворыку іх біў АМАП), мы першапачаткова дамовіліся сядзець ціха, ня ляпаць у дзьверы. Праз тры дні мяне судзілі, далі 12 сутак. І ў той жа дзень, калі месцаў ужо ў ізалятары не хапала, нас вывелі з камэры, 4 гадзіны мы стаялі на каленях, сядзелі на дупе. Потым затрыманых загрузілі ў чатыры аўтазакі, мы паехалі. Куды? Ня ведалі», — кажа Дзяніс.

ЛПП у Слуцку

Як высьветлілася пазьней, іх завезьлі ў ЛПП у Слуцку. Там, паводле Дзяніса, іх ня білі, «усё было карэктна», заходзіў вайсковы лекар, «адразу строем павялі ў гарачы душ, і гэта проста была фантастыка». Ім далі бялізну, мыла, дазволілі курыць, пакармілі.

«Нас выклікалі кудысьці па прозьвішчы, і ніхто ня мог зразумець, добра гэта ці дрэнна. Засталося 69 чалавек, калі прыйшоў прапаршчык: «Пацаны, вы ўсе едзеце дадому. Вас там чакаюць валянтэры», — сказаў Дзяніс і заплакаў. Паводле яго, гэтыя моманты былі неацэнныя: іх сустракалі ежай, гарачымі напоямі, далі цыгарэты і адвезьлі дадому ў Менск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «АМАП не даваў нам вывозіць людзей з Акрэсьціна». Страшны аповед мэдыка аб працы ў турме. ВІДЭА

Дыягназ

Пасьля ізалятара Дзяніс зьвярнуўся ў бальніцу, яму паставілі дыягназ «падскурная гематома задне-мэдыяльнай паверхні правага сьцягна, пярэдняй паверхні левага сьцягна». Мужчына мае намер зьвяртацца ў Сьледчы камітэт з заявай: хоча прыцягнуць да адказнасьці тых, хто яго зьбіў, а яшчэ мае намер абскардзіць пастанову суду.

TUT.BY выслаў відэа, якое зьняў Дзяніс Германаў, у ГУУС Менгарвыканкаму і Генэральную пракуратуру.

Рэакцыя МУС і Генпракуратуры

«Мы ня маем права камэнтаваць дзеяньні сваіх супрацоўнікаў», — адказала Натальля Ганусевіч, афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менску.

Генпракуратура ад камэнтароў адмовілася.