Гарадзкое ўнітарнае прадпрыемства «Жыльлё» Барысаўскага райвыканкаму даслала папярэджаньне 28-гадоваму Івану Самсонаву аб высяленьні з інтэрнату. Іван кажа, што такім чынам улады хочуць яму адпомсьціць за ўдзел у пратэстах.
Сям’я Самсонавых жыве ў інтэрнаце на вуліцы Палка Нармандыя-Нёман,155, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Бацькі таксама жывуць у гэтым інтэрнаце. Наймальніцай жыльля ў інтэрнаце зьяўляецца Натальля Самсонава, маці Івана. Паведамленьне пра высяленьне з інтэрнату прыйшло таксама сястры Івана Ганьне.
«Могуць і ціснуць»
Івана Самсонава разам з жонкай Святланай затрымлівала міліцыя падчас «ланцугоў салідарнасьці». Першы раз — 20 чэрвеня.
«Нас трымалі ў аўтазаку гадзіны тры, потым завезьлі ў РАУС, потым адпусьцілі. Таксама ў дзень, калі Цапкала паклікаў усіх на плошчу, мы прыехалі туды, пілі каву. Прыйшлі шэсьць міліцыянтаў разам з начальнікам міліцыі, і нас затрымалі, завезьлі ў пастарунак і там зноў правялі гутарку і адпусьцілі. У той дзень, калі мы рыхтавалі сустрэчу зь Ціханоўскай, да мяне на працу (а я працую майстрам) прыехала праверка, мяне і іншых затрымалі і толькі каля поўначы адпусьцілі. І ў дзень выбараў, калі я ехаў на ўчастак для назіраньня, мяне спыніла ДАІ, спыталася пра тэхагляд, якога ў мяне не было, потым пачалі праверку нумароў — і ў выніку толькі каля поўначы адпусьцілі», — сказаў Іван.
На днях Іван атрымаў папярэджаньне аб высяленьні ад прадпрыемства «Жыльлё».
Што пішуць у папярэджаньні?
У сваім папярэджаньні прадпрыемства «Жыльлё» спасылаецца на Жыльлёвы кодэкс і палажэньне аб інтэрнатах, зацьверджанае Саветам Міністраў: «У выпадку выезду наймальніка жылога памяшканьня ў інтэрнаце на месца жыхарства ў іншы населены пункт альбо іншае жылое памяшканьне ў гэтым населеным пункце члены, былыя члены яго сям’і... страчваюць права валоданьня і карыстаньня жылым памяшканьнем у інтэрнаце».
Як гаворыцца ў папярэджаньні, па стане на 19 жніўня Натальля Самсонава, якая зьяўляецца наймальніцай жылога памяшканьня ў інтэрнаце, «зарэгістраваная па іншым адрасе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве звольнілі намесьніка дырэктара музэю пасьля пратэсту супраць гвалту. Кіраўніцтва: ён сам напісаў заяву«Гэта нахабная хлусьня, маці зарэгістраваная па гэтым жа адрасе. У гэтай кватэры зарэгістраваны я, мая маці, мая сястра і мой сын. Жонка зарэгістраваная ў іншай кватэры ў гэтым жа інтэрнаце, наймальнікам якой зьяўляецца яе бацька, там жа зарэгістраваныя яе сваякі і наша дачка. На імя жонкі таксама прыйшоў ліст ад прадпрыемства „Жыльлё“, якога мы яшчэ не атрымалі», — сказаў карэспандэнту Свабоды Іван Самсонаў.
Прадпрыемства «Жыльлё» пагражае Івану Самсонаву і яго сястры, калі яны добраахвотна ня высяляцца з інтэрнату цягам месяца, то іх належыць выселіць «у судовым парадку без прапановы іншага жылога памяшканьня», прычым ім давядзецца заплаціць за судовыя выдаткі.
«У нас пераважна высяляюць толькі за няплату»
Выканаўца абавязкаў намесьніка дырэктара ў жыльлёвых пытаньнях «Жыльля» Валеры Чарняк сказаў Свабодзе, што з інтэрнату звычайна высяляюць за няплату за камунальныя паслугі. Дык з чым зьвязана высяленьне Самсонавых?
— Я вам не скажу, я займаюся толькі абслугоўваньнем інтэрнатаў. Засяленьнем і высяленьнем я не займаюся.
— Але тут стаіць ваш подпіс?
— «Выканаўца абавязкаў» я падпісваю, бо чалавек, які займаецца, знаходзіцца ў водпуску. Гэтым у нас займаецца намесьніца па ідэалёгіі, яна ў адпачынку. Яна старшыня камісіі, там начальнік інтэрнатаў і загадчыкі інтэрнатаў, я там не прысутнічаў. У нас пераважна высяляюць толькі за нясплату. Ну і за паводзіны: бывае, буяняць, п’янствуюць.
— А што тычыцца Самсонава?
— Не магу вам нічога сказаць, трэба падымаць дакумэнты.
Пасьля гэтай размовы Валеры Чарняк паабяцаў патлумачыць прычыны высяленьня Івана Самсонава і ягонай сястры.
«Я ўпэўнены, што высяленьне зьвязана з маёй пазыцыяй. Могуць і ціснуць. У мяне ёсьць знаёмыя, якія засьвяціліся ў „ланцугах салідарнасьці“, некага выгналі з працы альбо пачаліся нейкія праблемы», — сказаў Іван Самсонаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнік жодзінскай турмы адседзеў трое сутак па месцы службы за ўдзел у мітынгу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар радыё «Сталіца» звольніўся разам з калектывам