Сёньня пісьменьніца, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч ідзе на допыт у Сьледчы камітэт. Пракуратура завяла крымінальную справу аб «захопе ўлады» з боку Каардынацыйнай рады транзыту ўлады. Алексіевіч — сябра прэзыдыюму Рады. За дзьве гадзіны да допыту яна адказала на некалькі пытаньняў Свабоды.
Сьцісла
- Рада была створаная дзеля пераадоленьня палітычнага крызісу, які адбываецца ў нашай краіне, і дзеля аб’яднаньня людзей.
- Гэта вялікая праблема — як хутка чалавек апускаецца на пячорны ўзровень, як зьлятае слой мінімальнай культуры.
- Мне казалі, што я мушу зьехаць. Не, я павінна быць са сваім народам. Я яго люблю.
- Мы мусім размаўляць адны зь другімі і прыйсьці да нейкага агульнага разуменьня.
- На апошніх мітынгах мне падабалася, калі людзі несьлі і чырвона-зялёныя, і бела-чырвона-белыя сьцягі.
- Мне хацелася б, каб сьвет знайшоў форму, каб уступіць з Лукашэнкам у дыялёг. Можа, нават з прыцягненьнем Пуціна. Мне здаецца, гэта адзіны чалавек, якога ён слухае.
— Вы неўзабаве пойдзеце на допыт у Сьледчы камітэт. Пасьля допыту вы будзеце абмежаваная ў тым, што зможаце сказаць. Але што вы зьбіраецеся гаварыць на допыце?
— Тое, што казалі ўсе чальцы Рады — што яна была створаная дзеля пераадоленьня палітычнага крызісу, які адбываецца ў нашай краіне, і дзеля абʼяднаньня людзей. Каб мы як грамадзтва не раскалоліся і не апынуліся на мяжы грамадзянскай вайны. У нас было толькі гэтае жаданьне. Усё было ў рэчышчы закону. Гэта тычыцца і чальцоў Рады, і тых соцень тысяч людзей, якія выходзілі на вуліцу. Усе хацелі свабодных, сумленных выбараў, адчуць сябе свабоднымі людзьмі, годнымі людзьмі і самім вырашаць свой лёс. І мы сталі на чале гэтага працэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч Лукашэнку: Сыдзі, пакуль ня позна— Пасьля нашай з вамі апошняй размовы стала вядома, што адбывалася падчас затрыманьняў, у аўтазаках і за сьценамі пастарункаў і міліцэйскіх ізалятараў. Вы тады выказалі думку, што гэта рабілі не беларусы, не мясцовыя жыхары. Высьветлілася, што свае, беларусы. Вы разумееце, што адбывалася ў іхных душах? Мы ведаем, што рабілі нацысты і камуністы. Але ў іх была ідэя, ідэалёгія, якая апраўдвала падобнае. А тут што?
— Гэта адно з пытаньняў, якое я ўвесь час усім задаю, з кім цяпер размаўляю, каб зразумець, што ж гэта за барбарства, адкуль гэта, адкуль гэтая пячорная нянавісьць, што гэта за апрацоўка людзей, што гэта за людзі, якія паддаліся такой калектыўнай апрацоўцы і прыйшлі з такой нянавісьцю да свайго суседа? Ня так шмат амапаўцаў адмовіліся, ня так шмат зь іх апусьцілі шчыты, ня кідаліся на свой народ.
Гэта вялікая праблема — як хутка чалавек апускаецца на пячорны ўзровень, як зьлятае слой мінімальнай культуры.
Але, з другога боку, на маіх вачах утвараецца народ, утвараецца нацыя. Заўсёды казалі, што беларусы — гэта «неданацыя», у іх «недамова». А вось народ выйшаў на вуліцу — і зьдзівіў увесь сьвет. Ён паказаў свой гонар, сваё жаданьне свабоды.
Я ўлюбілася ў свой народ. На нашых вачах будуецца нацыя. Гэтыя твары людзей, запоўненыя вуліцы і праспэкты. Мне казалі, што я мушу зьехаць. Не, я павінна быць са сваім народам. Я яго люблю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч падтрымала Ціханоўскую: Калі нас будзе шмат, перамены будуць ісьці мірным шляхам— У папярэднім інтэрвію я спытаў вас, што вы хацелі б сказаць Аляксандру Лукашэнку. Цяпер спытаю пра іншае — што б вы хацелі сказаць удзельнікам мітынгаў за Лукашэнку? Ня ўсе ж там сагнаныя паводле разнарадкі, ня ўсе амапаўцы, якія адзначыліся 9-11 жніўня. Ёсьць людзі, якія вераць у гэта, адданыя гэтаму. Што б вы ім хацелі сказаць?
— Што ўсе мы адзін народ. І мы павінны размаўляць адны з другімі і прыйсьці да нейкага агульнага разуменьня. І што, акрамя свабоды, у нас няма іншага шляху. Трэба перастаць быць закладнікамі мінулага. На апошніх мітынгах мне падабалася, калі людзі несьлі і чырвона-зялёныя, і бела-чырвона-белыя сьцягі. І многія іх несьлі, каб паказаць, што мы павінны быць разам.
Цікавая дэталь. Ідуць бюджэтнікі (можа, самі прыйшлі, можа, іх сагналі). Яны крычаць «Бацька!», а побач ідуць іхныя дзеці гадоў 8-10 і крычаць: «Сыходзь!». Гэты кантраст вельмі ўражваў.
— Якое выйсьце цяпер? Ваш заклік «Сыдзі!» падтрымліваюць цяпер сотні тысяч на вуліцах беларускіх гарадоў. А ён не сыходзіць, з аўтаматам у руках пазіруе. І якое выйсьце? На што вы спадзеяцеся?
— Я спадзяюся, што калі ён няздольны на перамовы, дык, можа, сьвет прымусіць яго ўступіць у перамовы, прымусіць зразумець, наколькі сурʼёзная сытуацыя ў краіне. І што гэта важней за ягонае самалюбства, ягоную сямʼю. Яму ж таксама важна, як ён застанецца ў гісторыі.
Мне хацелася б, каб сьвет знайшоў форму, каб уступіць зь ім у дыялёг. Можа, нават з прыцягненьнем Пуціна. Мне здаецца, гэта адзіны чалавек, якога ён слухае. Сёньня размова можа ісьці толькі пра перамовы. Інакш мы ўпадзем у бездань.