На «Белшыне» звальняюць аднаго з ініцыятараў страйку, які так і не адбыўся

Пратэст у Бабруйску, 21 жніўня.

На бабруйскім прамысловым гіганце «Белшына» з 9-тысячным калектывам некалькі чалавек заявілі аб удзеле ў агульнанацыянальнай страйку.

Страйкоўцы прызнаюцца, што «разварушыць» рабочых ім не ўдаецца, хоць на словах многія падтрымліваць іх. Палохае работнікаў ціск адміністрацыі на тых, хто адважыўся заявіць пра далучэньне да страйку.

Пра страйк на «Белшыне» пачалі гаварыць 11 жніўня. Рабочыя тады выходзілі да прахадной і патрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам.

Трое страйкоўцаў 19 жніўня сустракаліся з старшынём прафсаюзнай суполкі прадпрыемства Ігарам Важнаўцом. Па словах работнікоў, ён запэўніў, што адміністрацыя перасьледаваць удзельнікаў забастоўкі ня будзе.

Працаўнікі перадалі праз кіраўніка прафкаму патрабаваньні кіраўніцтву прадпрыемства:

  • адстаўка Аляксандра Лукашэнкі;
  • правядзеньне сумленных і адкрытых выбараў;
  • пакараньне тых, хто зьбіваў удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту;
  • вызваленьне палітвязьняў.

19 жніўня стала вядома, што «па згодзе бакоў» звольнілі двух актывістаў-страйкоўцаў: Аляксея Касьцюкевіча і Руслана Карымава.

Іхныя калегі некалькі дзён не маглі зь імі стэлефанавацца. Яны самі адмаўляюцца гаварыць з прэсай.

Пра намеры адміністрацыі спыніць працоўныя адносіны паведаміў Свабодзе і ініцыятар стварэньня на прадпрыемстве страйкаму, 27-гадовы рабочы падрыхтоўчага цэху заводу масавых шынаў Віталь Красьніцкі. Паводле яго, 26 жніўня цэхавы камітэт пастанавіў звольніць яго за прагул. Красьніцкі кажа: загад будзе падпісаны кіраўніцтва «Белшыны» 18 верасьня, але ён будзе змагацца за сваё працоўнае месца.

Раней у інтэрвію Свабодзе Віталь Красьніцкі дапускаў, што адміністрацыя будзе шукаць нагоду, каб яго звольніць.

«Урэшце яна знайшлася», — кажа ён цяпер. Работнік настойвае, што «начальнік цэху справакаваў прагул» і ён мае запіс, які пацьвярджае гэта. Каб абараніцца, зьвернецца ў камісію па працоўных спрэчках і ў пракуратуру.

Як тлумачыць Красьніцкі, яму трэба было зьезьдзіць у Менск на сход прадстаўнікоў калектываў, якія далучыліся да агульнанацыянальнага страйку. Ён папрасіў начальніка цэху адпусьціць яго на дзень за ўласны кошт. Той яму давёў, што гэта зрабіць цяжка, бо за ім пільна сочаць. Параіў пайсьці на бальнічны, а калі гэтага ня ўдасца, то заяву падпіша.

«Калі вярнуўся са сталіцы, — апавядае Красьніцкі, — то мне было сказана, што вышэйшае кіраўніцтва загадала не падпісваць заявы, але калі пачну працаваць, то нешта прыдумае. Працаваць я не пачаў, бо бастую».

Паводле рабочага, цяпер страйк трымаецца на асобных групах работнікаў з розных цэхаў. Падтрымлівае яго блізу 25 чалавек. Адміністрацыя цісьне на ўдзельнікаў страйку, палохае, што імі зоймуцца сілавыя структуры.

Страйкоўцаў штодня прымушаюць пісаць тлумачальныя, чаму яны адмаўляюцца працаваць. Тыя даводзяць, што карыстаюцца канстытуцыйным правам на страйк. На іх складаецца акт, што яны не выконваюць працоўных абавязкаў. Тры такія акты — нагода для звальненьня.