У Польшчы і Літве заявілі аб спрашчэньні ўезду для грамадзян Беларусі, нягледзячы на абмежаваньні ў сувязі з COVID-19, інфармуе TUT.by
18-ы дзень пратэстаў. Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт. Што адбываецца ў Беларусі
Літва, напрыклад, з прычыны сытуацыі пасьля выбараў дазволіла ўезд беларусам, якія едуць з «асаблівымі гуманітарнымі палітычнымі мэтамі». З асаблівых гуманітарных прычынаў у Літву могуць уехаць ахвяры рэпрэсій.
Межы краін Эўразьвязу для большасьці беларусаў па-ранейшаму закрытыя з прычыны сытуацыі з COVID-19. Каб краіна зьняла для беларусаў забарона на ўезд, трэба трымацца некалькіх прынцыпаў, у прыватнасьці, за апошнія 14 дзён колькасьць новых выпадкаў COVID-19 на 100 тысяч жыхароў павінна раўняцца або быць ніжэйшай за сярэдні паказчык у ЭЗ.
Паводле дадзеных Эўрапейскага цэнтру прафіляктыкі і кантролю захворваньняў, 25 жніўня сярэдні паказчык новых выпадкаў COVID-19 у ЭЗ быў роўны прыкладна 40,3 на 100 тысяч жыхароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абяцае дапамогу беларусам, якія вырашаць пакінуць сваю краіну
Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя на гэтую ж дату, за апошнія 14 дзён у Беларусі зарэгістравана 1625 новыя выпадкі COVID-19. У пераліку на 100 тысяч насельніцтва гэта прыкладна 17,1 новых выпадкаў, але межы пакуль для беларусаў закрытыя.
Тым ня менш з прычыны сытуацыі ў Беларусі пасьля выбараў ўрад Літвы зацьвердзіў прапанову, згодна зь якой беларусы змогуць уехаць на тэрыторыю Літвы, нягледзячы на ўсе абмежаваньні па COVID-19, але з «асаблівымі гуманітарнымі палітычнымі мэтамі».
У амбасадзе Літвы ў Беларусі патлумачылі, што запыты грамадзян для ўезду на тэрыторыю Літвы з гуманітарнымі мэтамі разглядаюцца індывідуальна, рашэньні прымаюцца пры наяўнасьці абгрунтаванай інфармацыі, якая пацьвярджае мэту паездкі. У якасьці прыкладу, хто можа ўехаць з такімі гуманітарнымі мэтамі, у амбасадзе прывялі людзей, якія пацярпелі падчас масавых затрыманьняў, што едуць з мэтай лячэньня і рэабілітацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба спрасьціць для беларусаў візавыя правілы, а санкцыі супраць рэжыму ўзмацніць», — дэпутат Эўрапарлямэнту
У МУС Літвы растлумачылі, што дазвол на ўезд з асаблівых гуманітарных прычынаў у цяперашняй палітычнай сытуацыі могуць атрымаць ахвяры рэпрэсій ці актыўныя члены апазыцыі.
Польшча хоча спрасьціць уезд для беларусаў
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі таксама выказаў намер спрасьціць для беларусаў ўезд у краіну.
Дарадца амбасады Польшчы ў Менску Аркадыюш Клембек адзначыў, што пакуль нейкіх рэкамэндацый, якія канкрэтна катэгорыі грамадзян трапяць пад спрошчаны ўезд, яны не атрымлівалі.
Тым часам прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі адзначыў, што беларусы, якія прыяжджаюць у Польшчу, вельмі дапамагаюць польскай эканоміцы, незалежна ад таго, студэнты гэта ці работнікі. Ён дадаў, што спрошчаны ўезд будзе прапанаваны ў тым ліку для ахвотных навучацца ў польскіх ВНУ. Яшчэ ёсьць час, каб прыступіць да заняткаў з 1 кастрычніка.
Цяпер з прычыны сытуацыі з COVID-19 ўехаць у Польшчу могуць толькі беларусы, якія там працуюць і маюць дазвол на гэта, заяву аб тым, што выконваюць гэтую працу, або дазвол на сэзонную працу, які ўнесены ў рэестар. Таксама маюць права ўяжджаць студэнты, якія вучацца ў Польшчы, кіроўцы-міжнароднікі і тыя, у каго ёсьць карта паляка.