27-гадовы Аляксандар Балбераў быў намесьнікам дырэктара магілёўскага мастацкага музэю імя Масьленікава і займаў пасаду загадчыка аддзелу навукова-выдавецкай дзейнасьці і маркетынгу.
Разам з часткай калектыву ён публічна выказаўся супраць гвалту сілавікоў і накіраваў начальніку ўпраўленьня культуры аблвыканкаму зварот аб стаўленьні да сытуацыі ў краіне. Паводле яго, афіцыйная фармулёўка спыненьня працоўных адносінаў — «па згодзе бакоў».
Тым часам дырэктарка музэю Алена Баброва адмаўляе тое, што падставай для звальненьня Балберава стаў ягоны ўдзел у палітычным пратэсьце. Яна кажа, што Аляксандар звольніўся па ўласным жаданьні.
Пра Аляксандра Балберава
У 2016 годзе скончыў гістфак Магілёўскага ўнівэрсытэту імя А. Куляшова, у 2017-м — магістратуру па спэцыяльнасьці «археалёгія». Працаваў у школе і рыхтаваў вучняў да алімпіяд. У музэі працаваў з красавіка 2020 году. З чэрвеня выконваў абавязкі, а потым быў прызначаны намесьнікам дырэктара. Кажа, што яму падабалася рэалізоўваць у музэі творчыя праекты і працаваць у цікавым калектыве.
Не хацеў даносіць на супрацоўнікаў з пратэставымі настроямі
Аляксандра Балберава абвінавацілі ў тым, што ён, перасьледуючы палітычныя мэты, падбухторваў калектыў да забастоўкі і настройваў яго супраць дырэктара. Па ягоных словах, пасьля таго, як пачаўся ціск, са справаводзтва музэю зьнік загад аб прызначэньні яго намесьнікам дырэктара. Кіраўніца ўстановы Алена Баброва давяла яму, што з прызначэньнем на кіроўную пасаду пасьпяшаліся.
«Мне сказалі, што даверу да мяне болей няма, бо я выдаю калектыву закрытую для яго інфармацыю», — камэнтуе звальненьне Аляксандар Балбераў.
Паводле яго, гісторыя са звальненьнем пачалася з таго, што дырэктарка музэю паведаміла яму пра закрытае пасяджэньне ў Міністэрстве культуры, на якім кіраўнікоў устаноў культуры абавязалі выкрываць пратэставыя настроі ў падначаленых, даносіць на іх і нават паведамляць у міліцыю.
«Я вырашыў, што мушу сказаць пра гэта калектыву, бо ўтойваць такое ня мог з маральных і этычных меркаваньняў, — кажа суразмоўца. — Я не лічу, што чалавек зь іншымі палітычнымі поглядамі ня можа працаваць у бюджэтнай сфэры. З такіх дробязяў ствараецца вялікая хлусьня, у якой, на жаль, мы жывём дужа доўга».
Калектыў музэю салідарызаваўся з калегамі Купалаўскага тэатру і Магілёўскага драматычнага тэатру
Супрацоўнікі музэю накіравалі калектыўны зварот начальніку ўпраўленьня культуры Алегу Стэльмашку, у якім выказаліся супраць гвалту, канфрантацыі і жорсткіх дзеяньняў сілавікоў, не рэглямэнтаваных прававымі нормамі. Гэтым зваротам музэйныя работнікі падтрымалі калегаў Купалаўскага тэатру, а таксама Магілёўскага драматычнага тэатру. На той момант быў зьняволены ягоны рэжысэр і актор Уладзімер Пятровіч.
«Мы вырашылі падтрымаць магілёўскіх калегаў, каб яны не адчувалі сябе ў адзіноце, — апавядае Аляксандар Балбераў. — Мы сфатаграфаваліся на фоне будынка музэю ў непрацоўны час з плякатам „Мы супраць гвалту“. Мяне ж абвінавацілі, што я вывеў калектыў у працоўны час і выкарыстаў будынак у палітычных мэтах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спыніце гвалт, правядзіце новыя выбары». Магілёўскія акторы прапанавалі выйсьце з палітычнага крызісуАдміністрацыйная сыстэма, у якой даводзіцца працаваць творчым калектывам, — «пятля для іх»
Аляксандар Балбераў кажа, што начальнік упраўленьня культуры і дырэктар музэю заявілі: калі ён працуе ў бюджэтнай сфэры, то ня мае права крытыкаваць уладу, бо дзяржава плаціць заробак, а калі нешта не задавальняе, то гэтая сфэра не для яго. Пачуўшы такое, з «гатоўнасьцю» напісаў заяву на звальненьне, бо «ня хоча быць саўдзельнікам хлусьні» і перакананы, што культура не павінна абслугоўваць ідэалёгію. 24 жніўня быў ягоным апошнім працоўным днём у музэі.
«Музэі мусяць несьці сьвятло, якое будзе адгукацца ў сэрцах людзей, а калі супрацоўніку кажуць шпіёніць за калегамі, то пра якое сьвятло можа быць гаворка?» — адзначае Аляксандар Балбераў.
Ён кажа, што адміністрацыйная сыстэма, у якой даводзіцца працаваць творчым калектывам, «пятля для іх». Работнікі культуры і настаўнікі ўсяго баяцца. Іх цкуюць псыхалягічна, і яны баяцца быць ініцыятыўнымі.
«Я не ваяўнічы чалавек. Выступаю за канструктыў і за дыялёг, але з боку чыноўнікаў гатоўнасьці да яго ня бачу, — падсумоўвае Аляксандар Балбераў. — Я ня ведаю, хто цяпер будзе працаваць у музэях ці школах, калі ў нас існуе толькі адзіны „правільны“ погляд. Напэўна, АМАП будзе праводзіць экскурсіі і выкладаць гісторыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Севярынец: Проста адставіць былога прэзыдэнта — не дапаможаДырэктарка музэю: «У нас ва ўстанове няма палітыкі»
Дырэктарка мастацкага музэю Алена Баброва адмаўляе, што працоўныя адносіны з Аляксандрам Балберавым спынілі за палітычны пратэст, і настойвае: ён звольніўся з уласнага жаданьня.
«У нас ва ўстанове няма палітыкі, — даводзіць яна. — Мы займаемся той дзейнасьцю, якая вызначаная статутам установы. У калектыве спакойная абстаноўка. Мы ўсе працуем. Нас чакае падзея — Дзень пісьменства (пройдзе ў Бялынічах. — РС), і там будзе адкрывацца пасьля рэканструкцыі музэй мастацкі. І мы ўсе працуем над ягонай канцэпцыяй».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бахарэвіч: Я ведаў, дзе я жыву. Усе гады дыктатуры я пісаў пра свабоду і пра фашызм