Уладальнікі заблякаваных беларускіх інтэрнэт-сайтаў пачалі атрымліваць дакумэнты зь Міністэрства інфармацыі, у якіх тлумачыцца прычына блякаваньня сайту на тэрыторыі Беларусі.
Увечары 21 жніўня стала вядома пра блякаваньне ў Беларусі шэрагу сайтаў. Як паведаміў Tut.by, у сьпіс рэсурсаў абмежаванага доступу «на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Беларусі» трапілі больш за 70 сайтаў, у тым ліку сайт Радыё Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заблякавалі сайт Свабоды і доступ да шэрагу іншых рэсурсаў25 жніўня старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч атрымаў апавяшчэньне пра тое, што да інтэрнэт-рэсурсу pyx.by, уладальнікам якога ён зьяўляецца, абмежаваны доступ згодна з рашэньнем Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Таксама ў распараджэньні Губарэвіча апынуўся загад за подпісам міністра інфармацыі Ігара Луцкага, дзе тлумачацца прычыны такога рашэньня. Ён апублікаваў дакумэнты ў Фэйсбуку.
У адпаведнасьці з дакумэнтам сайт pyx.by, а таксама яшчэ 8 сайтаў — primaries.by, udf.by, masheka.by, progomel.by, tip.by, virtualbrest.by, vkurier.by, 015.by — заблякаваныя за тое, што «зьмяшчаюць заклікі і выкарыстоўваюцца для каардынацыі дзейнасьці па арганізацыі масавага непадпарадкаваньня прадстаўнікам улады», у адпаведнасьці з падпунктам 1.3 п. 1 арт. 38 Закону аб СМІ.
Для астатніх заблякаваных рэсурсаў прычыны блякаваньня могуць быць іншымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе чытаць Свабоду, абыходзячы блякаваньне