Рашэньне Сыноду Рускай праваслаўнай царквы аб зьмене кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы пракамэнтаваў Свабодзе сьвятар Аляксандар Шрамко, адхілены ад службы за крытыку патрыярха Кірыла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто праявіў зьверства і жорсткасьць — аддаць законнаму суду». Зварот Сыноду БПЦ— Мяркую, што гэта зьвязана з тым, што літаральна пару дзён таму Аляксандар Лукашэнка абрынуўся на царкву з абвінавачаньнямі, маўляў, яна бярэ ўдзел у палітыцы і нават падтрымлівае пратэсты. І што дзяржава будзе прымаць меры. Вось і прыняла.
Напэўна, ён паставіў пытаньне перад патрыярхам Кірылам. Самога Паўла паставілі, так бы мовіць, у дадатак да крэдытаў Расеі. Таму Лукашэнка яго і прыняў «у адным пакеце».
У Лукашэнкі вялікіх сымпатыяў да мітрапаліта Паўла не было. А тут адбылася сытуацыя псыхалягічнага зрыву. Таму і паставіў пытаньне перад патрыярхіяй.
У афіцыйным тлумачэньні напісана, што Павал сышоў па ўласным прашэньні. Але зразумела, як гэта робіцца.
Гэта азначае перамогу праўладнай лініі ў кіраўніцтве БПЦ. Гэты крок супрацьлеглы лініі Арцемія Гарадзенскага. Калі Арцемій нават падтрымаў пратэсты, то Веньямін быў яскравы прыхільнік існай улады і супраць пратэстаў. Таму яны паставілі сапраўднага лукашыста, які не хістаецца, як айцец Павал. Мітрапаліт Павал хістаўся, прайшла інфармацыя, хоць яе потым і абверглі, што ён нават прасіў прабачэньня перад людзьмі за тое, што павіншаваў Лукашэнку. Таксама ён хадзіў да пацярпелых у лякарню. І не прымаў ніякіх мераў супраць тых сьвятароў, якія падтрымлівалі пратэсты ці прымалі ў іх удзел.
Таму вырашылі паставіць больш свайго.
— А што вам вядома пра мітрапаліта Веньяміна?
— Ён чалавек больш кансэрватыўнага складу. Кансэрватар і лукашыст. І ён не такі ўжо добры кіраўнік. Мне здаецца, што ён будзе выконваць тое, што яму будзе казаць дзяржава. Я мяркую, што тут прыбяруць шмат людзей, якія працавалі з Паўлам і ўплывалі на яго. Павал пры ўсіх сваіх мінусах дазваляў весьці нейкую сваю лінію, весьці літургію на беларускай мове, напрыклад.
Не выключаю, што БПЦ стане такой арганізацыяй, што Паўла яшчэ добрым словам будуць прыгадваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аскет, інжынэр-радыёфізык, мае знак МУС. Што вядома пра новага кіраўніка БПЦ— Мітрапаліт Веньямін — першы патрыяршы экзарх БПЦ, які мае беларускае паходжаньне. Якое гэта мае значэньне?
— Калі прызначылі Паўла, усе казалі, што прысылаюць расейца, а сваіх беларусаў не прызначаюць. Нам патрэбны свой мітрапаліт. У Маскоўскай патрыярхіі была такая лінія, каб прызначаць расейцаў, каб бліжэй трымаць Беларусь. Але тут атрымалася: хацелі беларуса — вось вам беларус, трымайце і радуйцеся.
Нашыя нацыянальныя «раўніцелі» могуць радавацца. Хаця, на мой погляд, тут радавацца няма чаму. Калі казалі, што мітрапаліт Павал — гэта маскоўскі засланец, я казаў: калі б любога беларускага япіскапа, акрамя горадзенскага Арцемія, прызначылі, ён бы гнуў больш прарасейскую лінію, чым мітрапаліт Павал. Калі ён прыехаў, у царкве пачалі сьпяваць «Магутны Божа», чыталі па-беларуску, беларускія службы праводзіліся.
Яго ніхто ў нацыяналізьме ня мог абвінаваціць, бо ён расеец. А беларусы нашыя напалоханыя, яны як Лукашэнка. Скажуць, што па-беларуску нельга сказаць нічога вялікага, і маліцца нельга. І ўсё. І будзе вам беларус.