Лідэру страйкавага камітэту Менскага трактарнага заводу і сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сяргею Дылеўскаму Заводзкі суд сталіцы прысудзіў 10 дзён арышту за «арганізацыю несанкцыянаванай акцыі» (ч. 2 арт. 23.34 КаАП).
Дылеўскага вінавацілі ў тым, што ён заклікаў да страйку і парушыў закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Вяла працэс праз скайп судзьдзя суду Заводзкага раёну Алена Капцэвіч. Сам Сяргей Дылеўскі знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.
Судзьзя спыталася, што ён рабіў на прахадной МТЗ 24 жніўня.
«Абмяркоўвалі працу прадпрыемства, тое, што частка людзей хоча, а частка ня хоча страйкаваць, меркаваньні людзей. Ініцыятарамі былі людзі. Усяго былі ад 20 да 40 чалавек», — сказаў Сяргей Дылеўскі.
— Ці даваў Менгарвыканкам дазвол на правядзеньне? — спыталася судзьдзя.
— На сустрэчу зь сябрамі? Не, не даваў, — кажа Дылеўскі.
Паводле Дылеўскага, ён працуе на МТЗ з 2008 году. 24 жніўня ён не заклікаў да страйку. Там праходзіла сустрэча работнікаў заводу з намесьнікам дырэктара заводу.
Сьведкамі выступілі намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Аляксандр Блізьнюк і камандзір патрульна-паставой службы Партызанскага РУУС Аляксей Чуйко. Сьведкі ня памятаюць, як канкрэтна Дылеўскі заклікаў да страйку.
«Гэта быў мітынг, бо адпаведна закону, Дылеўскі сабраў шмат людзей пад адкрытым небам каля прахадной МТЗ. Абмяркоўвалі пытаньні страйку, органы дзяржаўнай улады», — патлумачыў сьведка Аляксей Чуйко, чаму называе сустрэчу рабочых каля заводу «несанкцыянаванай акцыяй».
Паводле адваката, інфармацыю пра затрыманьне Дылеўскага яна атрымала з СМІ.
«У Партызанскім РУУС мне сказалі, што Дылеўскага не затрымлівалі. Толькі сёньня я атрымала матэрыялы справы на 10 хвілінаў. Фатаграфаваць іх мне забаранілі», — сказала адвакат Дар’я Ліпкіна.
Раніцай 24 жніўня сяброў прэзыдыюму КР Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага затрымалі на прахадной Менскага трактарнага заводу супрацоўнікі АМАПу і зьмясьцілі ў аўтазак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ля МТЗ затрымалі Кавалькову і Дылеўскага з прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Кавалькова на АкрэсьцінаГэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.