Кандыдатка на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступіла празь відэасувязь перад эўрадэпутатамі ў аўторак на нечарговым пасяджэньні камітэту замежных справаў Эўрапарлямэнту, прысьвечаным Беларусі.
Паседжаньне трансьлявалася на відэа.
Сярод іншага, Сьвятлана Ціханоўская сказала:
«Сёньня мая краіна, Беларусь, — у роспачы і крызісе. Мірных дэманстрантаў незаконна затрымліваюць, садзяць у турмы і б’юць. Улады выкарыстоўваюць тактыку запалохваньня, страху і фізычнага гвалту. Ня менш за шэсьць чалавек загінулі, дзясяткі зьніклі бязь вестак. Гэта адбываецца ў цэнтры Эўропы.
Цяперашні крызіс пачаўся ўсьлед за выбарамі 9 жніўня. На думку большасьці назіральнікаў, выбарчы працэс быў глыбока недасканалым... Самі выбары былі пазначаны тысячамі парушэньняў...
Афіцыйныя вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя і адпрэчаныя беларускім народам і большасьцю міжнароднай супольнасьці...
Дэманстрацыі беспрэцэдэнтныя ў гісторыі Беларусі сваім памерам і размахам. Нягледзячы на мірны характар пратэстаў, улады распачалі спробу жорсткага здушэньня народу. Аднак гэта не спыніла наш народ, а толькі ўмацавала рашучасьць нацыі. У мінулую нядзелю прайшлі найбуйнейшыя публічныя дэманстрацыі ў гісторыі Беларусі, калі на вуліцы сталіцы Менску выйшлі больш за 200 000 чалавек...
Беларусь прачнулася. Мы больш не апазыцыя. Нас цяпер большасьць. Адбываецца мірная рэвалюцыя.
Рэвалюцыя ў Беларусі — гэта не геапалітычная рэвалюцыя. Гэта ні прарасейская, ні антырасейская рэвалюцыя. Гэтая рэвалюцыя ня супраць Эўрапейскага Зьвязу і не праэўрапейская. Гэта дэмакратычная рэвалюцыя. Гэта імкненьне нацыі вырашаць свае праблемы самой. Гэта імкненьне народу свабодна і справядліва абраць сваіх лідэраў і вырашыць свой лёс. Рэвалюцыя ў Беларусі — гэта не гвалтоўная рэвалюцыя. Гэта мірнае імкненьне людзей да свабоды, да самавызначэньня і асноўных каштоўнасьцяў.
Я заклікаю ўсе краіны сьвету паважаць асноўнае права нацыі на самавызначэньне. Я заклікаю ўсе краіны сьвету паважаць сувэрэнітэт Беларусі. Я заклікаю ўсе краіны сьвету паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі.
Патрабаваньне беларусаў простае — свабодныя і справядлівыя выбары. Гэта патрабаваньне дэманстрантаў на вуліцах, гэта дэвіз страйкоўцаў на многіх заводах па ўсёй краіне. Гэта жаданьне ўсяго народу.
Беларусь — частка Эўропы. Культурна, гістарычна і геаграфічна. Мы адданыя нормам міжнароднага права і хочам заняць годнае месца сярод іншых народаў Эўропы. Эўрапейскі досьвед у забесьпячэньні вяршэнства закону, правоў чалавека, незалежнай судовай сыстэмы і свабодных СМІ мае першачарговае значэньне для новай адроджанай Беларусі.
За апошнія два тыдні беларусы паказалі, што яны не здаліся і не здадуцца. Воля народу ня будзе зламаная.
Наша мэта — дамагчыся справядлівых і свабодных выбараў мірным шляхам, шляхам дыялёгу. Заяўляю аб нашай гатоўнасьці да перамоваў з уладамі. Мы гатовыя прызначыць перагаворнікаў. Мы гатовыя разгледзець магчымасьць пасярэдніцтва міжнародных арганізацыяў для палягчэньня дыялёгу.
Каб палегчыць пераходны пэрыяд, я ініцыявала Нацыянальную каардынацыйную раду, у склад якой ўваходзяць усе пласты беларускай грамадзянскай супольнасьці і ўсе бакі палітычнага спэктру. На жаль, улады адказалі пагрозамі і запалохваньнем чальцоў Рады, у тым ліку ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч.
Запалохаць ня ўдасца. Мы не саступім. Мы патрабуем паважаць нашы асноўныя правы. Мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Мы патрабуем спыніць гвалт і запалохваньне з боку ўладаў.
Беларускі народ заслугоўвае лепшага. Эўропа заслугоўвае лепшага».