Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў (OMCT) і Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) зьвярнуліся да спэцыяльнага дакладчыка ААН па катаваньнях з заклікам умяшацца ў сытуацыю ў Беларусі ў сувязі з жорсткім разгонам мірных дэманстрантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, паведамляе «Вясна».
Праваабаронцы нагадваюць, што
- больш за 6 000 чалавек былі затрыманыя, знаходзіліся ў зьняволеньні да 10 сутак, іх месцазнаходжаньне было невядомае,
- прынамсі 450 зь іх былі зьбітыя,
- вязьняў прыніжалі і катавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
«Гэтыя факты катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зьяўляюцца сыстэмнымі, паколькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў рыхтавалі да такіх жорсткіх рэпрэсій супраць людзей», — гаворыцца ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЗ 12 па 20 жніўня праваабаронцы атрымалі сьведчаньні больш як 450 ахвяраў катаваньняў, пацьверджаныя фатаздымкамі і відэа. Больш за сотню ахвяраў ужо апыталі на відэа. Аднак, нягледзячы на шматлікія і пасьлядоўныя паведамленьні аб злачынствах праваахоўнікаў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, Сьледчы камітэт не завёў ніводнай крымінальнай справы і не затрымаў і не адхіліў ад працы ніводнага зь сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў гэтых злачынствах.
У сувязі з гэтым праваабаронцы просяць Спэцдакладчыка тэрмінова ўмяшацца ў апісаную сытуацыю ў Беларусі і:
- распаўсюдзіць заяву з асуджэньнем маштабных і сыстэматычных катаваньняў і бесчалавечнага ці прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня з затрыманымі ў Беларусі і заклікаць неадкладна спыніць гэтыя парушэньні,
- заклікаць урад Беларусі неадкладна і эфэктыўна расьсьледаваць усе меркаваныя факты катаваньняў альбо жорсткага абыходжаньня і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці,
- наведаць Беларусь зь візытам і
- заклікаць Раду па правах чалавека склікаць спэцыяльную сэсію (або тэрміновыя дэбаты на 45-й сэсіі, прысьвечанай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі) з мэтай высьвятленьня фактаў і абставінаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі да, падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году.