Праваабаронцы: у Беларусі аднавілася хваля рэпрэсіяў супраць актывістаў 

У Менску затрымалі Вольгу Кавалькову

24 жніўня затрыманьні палітыкаў і актывістаў адбываліся па ўсёй Беларусі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», у Менску затрымалі сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага, а таксама старшыню страйкаму МЗКЦ Аляксандра Лаўрыновіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На МЗКЦ падчас збору подпісаў за страйк затрымалі кіраўніка заводзкага страйкаму 

Чатыром супрацоўнікам Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ўручылі позвы ў РУУС, але нібыта ў якасьці сьведак. Усе былі на акцыі салідарнасьці 20 жніўня ля філярмоніі.

У Салігорску затрымалі сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна.

У Магілёве затрымалі Аляксандра Папкова, давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева. Гэта здарылася, калі ён выйшаў на адзіночны пікет зь бел-чырвона-белым і чырвона-зялёным сьцягамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага ў Расеі экс-сьледчага Астаповіча паліцыянты адвезьлі ў Беларусь,— валянтэрка

У Нароўлі схапілі актывіста Мікалая Віткоўскага, якому раней прысудзілі тры дні арышту.

У Глыбокім і Верхнядзьвінску склалі пратаколы на ўдзельнікаў мірных акцыяў, у тым ліку затрымалі да суду Яраслава Берніковіча і выклікалі ў міліцыю Людмілу Барэйку.

У Горадні мелі судзіць за «непадпарадкаваньне» Дзьмітрыя Ціта, давераную асобу Сьвятланы Ціханоўскай. Аднак суд перанесьлі на 1 верасьня.