У Каардынацыйнай радзе апазыцыі 600 чалавек. У Менску прайшоў брыфінг прэзыдыюму Рады. Двое яго сяброў затрыманыя

У Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады апазыцыі, закліканай забясьпечыць перамовы аб перадачы ўлады і вырашэньне палітычнага крызісу.

Двое сяброў прэзыдыюму не прыйшлі, іх затрымалі

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілія Ўласава заявіла, што рада не перасьледуе палітычных мэтаў, гэта грамадзянская плятформа, якая павінна паспрыяць пачатку перамоўнага працэсу. Аднак улады лічаць інакш, пачаўшы крымінальную справу. Саму яе а 15-й гадзіне 24 жніўня выклікаюць у Сьледчы камітэт, раніцай затрымалі чальцоў рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага.

Рада выступіла за адкліканьне дэпутатаў

Юрыст Максім Знак падкрэсьліў, што ўзяць адказнасьць за падзеі мусіць Палата прадстаўнікоў. Аднак дэпутаты ўпарта адмоўчваюцца. Гэта дае падставу пачаць працэдуру адкліканьня «абраньнікаў», якія нічога ня робяць дзеля стабілізацыі сытуацыі.

Рыхтуюць запыт, чаму Лукашэнка быў з аўтаматам

Марыя Калесьнікава вярнулася да ўчорашняга «Маршу новай Беларусі». Яна выказала неразуменьне, на якой падставе Аляксандар Лукашэнка ня толькі сам бегаў па рэзыдэнцыі з баявой зброяй, але ўзброіў яшчэ і свайго непаўналетняга сына Мікалая. На гэтай падставе будзе падрыхтаваны запыт у кампэтэнтныя органы.

Марыя Калесьнікава

Што вядома пра структуру Рады

Павал Латушка паведаміў, што ў Каардынацыйную раду цяпер уваходзяць 600 чалавек.

Максім Знак патлумачыў структуру Каардынацыйнай рады. Зь яго словаў, да супрацы запрашалі ўсіх беларусаў, якія жадалі дапамагчы пераадолець палітычны крызіс. 70 чалавек — гэта касьцяк плятформы. Прэзыдыюм — 7. Пашыраны склад рады — больш за 600 удзельнікаў. На гэтай пашыранай базе будуць працаваць тэматычныя сэкцыі.

Рада за супрацу і дыялёг з усімі краінамі

Латушка сказаў, што ўсе краіны заклікаюць да пачатку ўнутранага дыялёгу, і толькі ўлады Беларусі ад гэтага адмаўляюцца. Роля Каардынацыйнай рады прызнаная многімі эўрапейскімі ўрадамі, аднак кіраўніцтва Беларусі намагаецца падвесьці яе дзейнасьць пад крымінальны артыкул аб спробе «гвалтоўнай зьмены ўлады».

Павал Латушка

Латушка заклікаў Расею не давяраць галаслоўным заявам афіцыйнага Менску, маўляў рада зьбіраецца ўзьвесьці сьцяну на ўсходзе, бо грамадзянская плятформа на падобнае не ўпаўнаважаная. «Мы за супрацу і дыялёг з усімі краінамі, асабліва суседзямі», — адзначыў ён.

Рада настойвае на дыялёгу з уладай

Што павінна здарыцца, каб улада пайшла на дыялёг? – пацікавіліся журналісты ў сябраў Каардынацыйнай рады.

«Учорашнія падзеі лішні раз даказалі, што ўлада баіцца думкі бальшыні, не гатовая прызнаць, што яна прайграла, — перакананая Марыя Калесьнікава. – Але так бясконца працягвацца ня можа, раней ці пазьней Лукашэнка будзе вымушаны пайсьці на дыялёг. Ягоная цяперашняя пазыцыя беспэрспэктыўная».

Які статус Алексіевіч у Радзе

Журналісты пацікавіліся статусам Сьвятланы Алексіевіч у Каардынацыйнай радзе. Марыя Калесьнікава адказала, што праз стан здароўя яна ня можа ўдзельнічаць непасрэдна ў працы прэзыдыюму, але знаходзіцца на пастаяннай сувязі. Тое ж тычыцца і Сьвятланы Ціханоўскай, за зносіны зь якой адказвае Вольга Кавалькова.

Рэакцыя на заяву міністра абароны

Максім Знак назваў «спрэчнай» заяву міністра абароны Віктара Хрэніна пра тое, што армія «адкажа на любыя правакацыі пратэстоўцаў». Па словах юрыста, нягледзячы на шматлікасьць — сотні тысяч — людзей, якія зьбіраюцца і патрабуюць пераменаў, ніводнага разу ня ўзьнікла падстава сумнявацца ў іх мірных мэтах. Пытаньне якраз да сілавікоў, якія ўжываць беспрычынны гвалт да людзей.

Максім Знак

Перасьлед Каардынацыйнай рады ўладамі


Каардынацыйная рада не прызнала вынікі выбараў 9 жніўня, заклікала адхіліць Лукашэнку ад улады і правесьці новыя сумленныя выбары. Генэральная пракуратура пасьля гэтых заяваў завяла крымінальную справу паводле падазрэньня ў закліках да «захопу ўлады».

У мінулую пятніцу Сьледчы камітэт у гэтай справе дапытаў як сьведак сяброў прэзыдыюму Рады Максіма Знака і Сяргея Дылеўскага. Іншая ўдзельніца прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілія Ўласава выкліканая на допыт у Сьледчы камітэт у панядзелак на 15 гадзін.

Раніцай 24 жніўня чальцоў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага затрымалі на прахадной МТЗ супрацоўнікі АМАПу і зьмясцілі ў аўтазак, супраць іх пачалі адміністрацыйны працэс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пералом ужо наступіў, зваротнага шляху няма». Павал Латушка адказаў на пытаньні Свабоды. ВІДЭА