Калі Беларусь ня выйдзе з палітычнага крызісу, Фінляндыя гатовая пераняць менскую частку хакейнага чэмпіянату сьвету 

Сымбаль менскага чэмпіянату сьвету ў хакеі 2014 году

Фінляндыя разглядае магчымасьць прыняць у сябе чэмпіянат сьвету 2021 году, спасылаецца «Прессболл» на прэзыдэнта Фінскай хакейнай асацыяцыі Хары Нумэля.

Акрамя таго, прэм’ер-міністар Латвіі Крыш’яніс Карыньш заявіў пра намер пачаць перамовы зь Міжнароднай фэдэрацыяй хакею аб правядзеньні першынства сумесна не зь Беларусьсю, а з «альтэрнатыўнай» краінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу заводы». Лукашэнка расказаў, як «аддаў» iPower трэнэру сваёй хакейнай каманды

Паводле латыскага боку, калі палітычны крызіс у Беларусі трывацьме, будзе падтрымана ідэя пераносу спаборніцтваў у іншае месца. Чэмпіянат сьвету заплянаваны ў Рызе і Менску з 21 траўня па 6 чэрвеня 2021 году.

Міжнародная фэдэрацыя хакею пакуль не рабіла палітычных заяваў пра сытуацыю ў Беларусі. Кіраўнік арганізацыі Рэнэ Фазэль — даўні прыхільнік Лукашэнкі, ён абараняў заяўку Менску, калі паўстала ідэя байкоту чэмпіянату сьвету — 2014.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала раскрытыкаваў «арыстакратызацыю» беларускага спорту, заклікаў яго дэмакратызаваць

У сваю чаргу прэзыдэнт Фінскай хакейнай асацыяцыі Хары Нумэля пацьвердзіў, што ягоная краіна разгледзіць магчымасьць правесьці чэмпіянат сьвету ў выпадку «беларускага форс-мажору».