У Магілёве на плошчы Славы сабраліся блізу 4 тысяч удзельнікаў маршу «За новую Беларусь»

Апошні раз на найстарэйшым пляцы гораду зьбіраліся апазыцыйна настроеныя гараджане ў 1996 годзе на Чарнобыльскі шлях. Пазьней плошча была месцам для афіцыйных імпрэзаў.

Цяпер пратэстоўцы разышліся па плошчы. Частка ўдзельнічае ў мітынгу, які праводзяць прыхільнікі Сьвятланы Ціханоўскай.


На мітынгу прамаўляюць у фармаце свабоднага мікрафону. Людзі кажуць пра гвалт, учынены сілавікамі пасьля выбараў, заклікаюць Лукашэнку сысьці ў адстаўку, заяўляюць, што пратэсты ня спыняць і што ўлада пакрывае сілавікоў.

Прамоўцаў перарываюць воклічы: «Не даруем!», «Жыве Беларусь!», «Ганьба!». Іншыя ўдзельнікі маршу фатаграфуюцца зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на фоне ратушы. Утварылі ланцуг ля парапэтаў на Замкавай гары. Цяпер калёна зноў рухаецца ў бок плошчы Леніна, гукаючы традыцыйныя для пратэстаў споклічы.

Прыкладна пасьля 17.20 марш «За новую Беларусь» у Магілёве завяршыўся. Міліцыянты перакрылі плошчу Леніна, каб пратэстоўцы не вярнуліся на яе.

Супрацоўнікі ДАІ спынілі кіроўцу, які сыгналячы вітаў калёну і паказваў бел-чырвона-белы сьцяг. На мужчыну склалі пратакол за ня пройдзены тэхагляд. На спыненьне машыны пратэстоўцы адрэагавалі воклічамі «Адпускай!».

Прайшоўшы праз цэнтар гораду, удзельнікі акцыі разышліся групамі са сьцягамі.