У выпадку парушэньня парадку і спакою ў «сьвятых месцах» пратэстоўцы будуць мець справу з арміяй, заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеяньні сілавікоў могуць быць пададзеныя вонкавымі сіламі як генацыд, — міністар абароны«У апошняй вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга. Практычна была сьцёртая з твару зямлі. У знак памяці і смутку пастаўленыя тысячы мэмарыялаў і помнікаў. І яны для нас сьвятыя. Нашы людзі да іх ходзяць памаліцца і ўскласьці кветкі. Мы ня можам сёньня спакойна глядзець, як пад сьцягамі, пад якімі фашысты арганізоўвалі масавыя забойствы, у гэтых сьвятых месцах праходзяць акцыі», — цытуе міністра БелТА.
Ён прыгразіў, што ў выпадку «парушэньня парадку і спакою ў гэтых месцах вы будзеце мець справу не зь міліцыяй, а з арміяй».
Міністар Хрэнін стаяў у палявой вайсковай форме ля стэлы «Менск — горад-герой», дзе 16 жніўня сабраліся больш за 200 тысяч пратэстоўцаў.