Пасьлявыбарчымі пратэстамі заходнія мэдыя не зьдзівіць. Каб прабіцца на першыя палосы, Беларусі давялося правесьці самы масавы мітынг у сваёй гісторыі. Агляд тэлеканалу «Настоящее время».
Дэманстрацыя ў Менску. Што адбываецца ў Беларусі на 15-ы дзень пратэстаў
- «Беларусь такога раней ня бачыла. Яшчэ пару тыдняў таму дэманстрацыі былі рэдкія і звычайна заканчваліся разгонам, а цяпер тут людзей — колькі хапае вока» (BBC News, Вялікабрытанія).
- «Тут усяго некалькі дзён таму баяліся зьбірацца нават маленькімі групамі, а цяпер за мной цэлае мора людзей» (ABC News, ЗША).
- «Вырашальны, найважнейшы дзень для Беларусі. Дзесяткі тысяч людзей прайшлі па цэнтральных вуліцах Менску» (WDR, Нямеччына).
Акрамя яркай карцінкі народнага пратэсту ўвагу замежных СМІ прыцягнуў і паралельны мітынг, зладжаны Аляксандрам Лукашэнкам.
- «Лукашэнка хацеў паказаць, што лічыцца з народам, і зьявіўся перад сваімі прыхільнікамі» (RTVE, Гішпанія).
- «Не падобна, што людзі сабраліся добраахвотна» (Welt, Нямеччына).
- «Паводле паведамленьняў СМІ, дзяржаўных служачых папрасілі прыняць удзел у мітынгу» (WDR, Нямеччына).
- «Слухаюць яго 4-5 тысяч чалавек. Значна больш, каля 100 тысяч беларусаў, сабраліся на Марш свабоды» (ZDF, Нямеччына).
Чым больш людзей праходзіць праз ізалятары, тым больш зьяўляецца ў СМІ гісторый пра жорсткасьць сілавікоў.
- «Больш за 7 тысяч чалавек былі арыштаваныя за гэтыя дні. Паліцыя ўжывала дубінкі, гумовыя кулі і сьвятлашумавыя гранаты» (ITV News, Вялікабрытанія).
- «Паведамленьняў аб жорсткасьці паліцыі на вуліцах і ў турмах ўсё больш» (BBC News, Вялікабрытанія).
- «З ізалятараў людзі выходзяць з расказамі пра гвалт: брудныя перапоўненыя камэры, ні ежы, ні лекаў, рэгулярныя пабоі» (CBC News, Канада).
Аб сапраўдных катаваньнях расказвае сваім суайчыньнікам ізраільцянін Аляксандр Фруман, аб прыніжэньнях і абразах — амэрыканскі журналіст Дэн Пэлэшчук і яго італьянскі калега Кляўдыё Лакателі.
- «Мяне ўдарылі па нагах, каб паваліць на зямлю, разьбілі тэлефон. Крычалі, каб я не здымаў, пырснулі ў вочы сьлезацечным газам. На ўваходзе ў камэру мне апусьцілі галаву, але я ўбачыў дзяўчыну, у яе была разьбітая сківіца, было шмат крыві», — распавёў ён.
На што яшчэ гатовы пайсьці Лукашэнка ў спробе ўтрымаць уладу, — пытаюцца заходнія СМІ, — няўжо сапраўды папросіць ўмяшаньня Расеі?