Выданьне «Бинокль» пагутарыла з хірургам Берасьцейскай гарадзкой бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі, які дзяжурыў увечары 10 жніўня, калі гарадзкая міліцыя страляла ў пратэстоўцаў.
Загадчык першай хірургіі ў бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі Аляксей Шпока кажа, што дзяжурства 10 жніўня 2020 году запомніць на ўсё жыцьцё. А 10-й вечара да іх пачалі прывозіць пацярпелых, аднаго за адным.
Паводле яго, у тую ноч бальніца нагадвала вайскова-палявы шпіталь. Хворых сартавалі паводле «прынцыпу мэдыцыны катастроф» — на тых, каго неадкладна трэба было апэрыраваць, менш цяжкіх і тых, хто мог чакаць. За суткі ў бальніцу па дапамогу зьвярнуліся каля 100 чалавек, 29 зь іх шпіталізавалі ў бальніцу, дзе працуе Аляксей Шпока. Людзі былі з рознымі траўмамі: параненыя з агнястрэлу, зьбітыя, у траўматычным шоку, расказвае хірург.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Відавочцы пратэстаў у Берасьці: Гэта быў мірны пратэст, сабраліся тысячы чалавек, сілавікі ўжылі шумавыя гранаты«Уявіце, прывозяць сіняга чалавека практычна без прытомнасьці. Да нас прывезьлі такога хлопца — кулявых раненьняў у яго не было, але ён быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні», — кажа Аляксей Шпока.
Паводле яго, з параненых вымалі 2 віды куль — плястмасавыя і гумовыя; характар пашкоджаньняў і проста «вырваныя» кавалкі плоці памерам з кулак кажуць пра тое, што стралялі ва ўпор.
«Я дасьведчаны хірург, бачыў за 17 гадоў шмат што ў сваёй практыцы, праводзіў шмат гадзін запар, стоячы на нагах за апэрацыйным сталом, але ў той момант цяжка было не ад нагрузкі. Цяжка было ад усьведамленьня таго, што гэтыя раненьні маладыя хлопцы атрымалі ў мірны час у сваёй роднай краіне і родным горадзе», — кажа хірург.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор». Што кажа дачка пра сьмерць берасьцейца ад раненьня ў галавуЁн кажа, што ва ўсіх шпіталізаваных узялі аналіз крыві на наяўнасьць алькаголю, але сярод тых, каму дапамагаў ён, п’яных не было. Узрост пацярпелых — ад 17 да 52 гадоў.
«Лекары — апалітычны народ. Калі табе прывязуць амапаўца, ты будзеш яго лекаваць. Але калі тэлефануюць калегі зь Менску і расказваюць, як там лупяць лекараў, пакет на галаву надзяваюць — ці можна заставацца спакойным? Нават немцы такога не рабілі. Я бачыў шмат страшных рэчаў за гэтыя 17 гадоў, але такога яшчэ ня бачыў», — кажа Аляксей Шпока.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я чуў па міліцэйскай рацыі загады ўжываць любыя спэцсродкі аж да агнястрэльнай зброі»