Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі перасягнула 70 000 — плюс 175 за апошнія суткі, паведамляе Міністэрства здароўя.
Агулам памерлі 637 чалавек, зь іх 5 паводле дадзеных за 21 жніўня.
Чацьвёрты дзень запар колькасць новых выпадкаў інфікаваньня расьце: днём раней было 160, да гэтага — 149 і 128.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што ад пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя зь лякарняў 68 577 пацыентаў. Такім чынам, вылечаныя 97,6% хворых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У САЗ спрагназавалі тэрміны завяршэньня пандэміі каранавірусуУдакладняецца, што праведзена блізу 1,5 мільёна тэстаў на каранавірусную інфэкцыю.
Больш за тры месяцы ведамства не праводзіць прэс-канфэрэнцый на тэму супрацьстаяньня навале і не публікуе статыстыку па сталіцы і абласьцях.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ