У Быхаве (Магілёўская вобласьць) на ўдзельнікаў пратэставых акцыяў мясцовая міліцыя пачала складаць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а ў пракуратуры выпісваюць папярэджаньні аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці. Вядома, што пад адміністрацыйны перасьлед трапілі сама меней пяцёра пратэстоўцаў.
«Пра крымінальную адказнасьць нагадваюць, каб запалохваньне было больш дзейсным»
У міліцыю выклікаюць тых быхаўцаў, якія фігуруюць на апэратыўнай відэаздымцы. У іх выпытваюць, хто арганізоўвае пратэсты, удзельнічае ў іх, а таксама хто адмініструе тэлеграм-канал «Быхов для жизни».
Адзін з пратэстоўцаў паведаміў Свабодзе, што пасьля міліцыі яго завезьлі ў раённую пракуратуру, дзе пісьмова папярэдзілі пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Паводле суразмоўцы, яго страшылі ня толькі адміністрацыйнай адказнасьцю, але і крымінальнай — за «арганізацыю або ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
«Міліцыя вырашыла запалохаць удзельнікаў, каб яны больш не зьбіраліся. І каб запалохваньне было дзейсным, то гавораць пра крымінальную адказнасьць», — кажа пратэстовец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народ мае права сябе абараняць». Ці могуць рабочыя страйкаваць законна?
Начальнік міліцыі пратэстоўцам: «Падумайце пра асабістую бясьпеку»
Па словах быхаўцаў, іх сталі выклікаць у міліцыю пасьля таго, як на адну з акцыяў прыйшоў начальнік раённай міліцыі Віталь Раманаў. Акрамя папярэджаньня ўдзельнікаў аб адказнасьці, міліцыянт заклікаў іх падумаць пра асабістую бясьпеку. Гутарыў Раманаў з пратэстоўцамі, калі ў Быхаве праходзіў праўладны мітынг у падтрымку Лукашэнкі.
«Сёньня адбылося аналягічнае мерапрыемства. Зразумейце, народ талерантны, але пачуцьці напаляюцца, — казаў ён. — Мая задача як начальніка міліцыі гарантаваць бясьпеку ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».
У адказ пратэстоўцы запэўнілі, што яны нікога не правакуюць, бо іхныя акцыі мірныя. Яны зьвярнулі ўвагу міліцыянта, што побач зь ім стаіць мужчына нападпітку, і прасілі, каб яго прыбралі, але нічога зроблена не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашая місія — пераступіць страх і рухацца далей». Ціханоўская дала першую прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні. ВІДЭА
«Падключылі БТ, каб дыскрэдытаваць пратэст у Быхаве»
Тым часам Беларуская тэлевізія паказвала 21 жніўня сюжэт з гутаркай быхаўскіх міліцыянтаў з жанчынай, якую назвалі «ўдзельніцай несанкцыянаванага пікету». Яе нібыта падахвоцілі паўдзельнічаць у пратэсьце за «пляшку віна» і далі ёй шарык. Твар гераіні ў сюжэце зарэтушаваны.
Самі пратэстоўцы кажуць, што гэтая жанчына на добрым падпітку назойліва паводзіла сябе ля пікету. Яна заяўляла, што адыдзе, калі ёй дадуць надзіманы шарык. Атрымаўшы яго, яна сышла. На думку быхаўцаў, сюжэт паказалі, каб дыскрэдытаваць пратэст супраць вынікаў выбараў.
У Быхаве пачалі праводзіць пратэставыя акцыі з 13 жніўня. У будні на іх зьбіраецца ад 30 да 50 чалавек. 16 жніўня, у нядзелю, прыйшлі 250. Паводле пратэстоўцаў, на ўдзельнікаў ціснуць з боку адміністрацый прадпрыемстваў і арганізацыяў, дзе яны працуюць. Так было, ў прыватнасьці, з настаўнікамі, якіх палохалі звальненьнем са школаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні слова пра зьбіцьцё і вайсковую тэхніку. Расейскія журналісты з БТ перакруцілі гісторыю пра пацярпелую ад АМАПу сям’ю з ГорадніГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14-ы дзень пратэстаў. Акцыі ў Менску і Берасьці. Лукашэнка даў апанэнтам два дні «на роздумы». Што адбываецца ў Беларусі