Чэхія прапануе бясплатную мэдычную дапамогу і рэабілітацыю пацярпелым ад гвалту ў Беларусі

У Чэхіі нарадзілася ініцыятыва мэдычнай дапамогі беларусам, пацярпелым ад гвалтоўных дзеяньняў і катаваньняў пасьля 9 жніўня. У ініцыятыве ўдзельнічаюць мэдыкі беларускага паходжаньня, якія жывуць і працуюць у Чэхіі.

Вось анонс гэтай ініцыятывы:

МЭДЫЧНАЯ ДАПАМОГА І РЭАБІЛІТАЦЫЯ Ў ЧЭХІІ

Калі вы, вашыя сямейнікі, сваякі альбо знаёмыя пацярпелі ў Беларусі ад гвалтоўных дзеяньняў і/ці катаваньняў 9-га жніўня 2020 году ці пазьней, пішыце на czhelp2020@gmail.com. Беларускія валянтэркі і валянтэры з Чэхіі на ўмовах ананімнасьці зьвяжуцца з вамі і прапануюць запоўніць онлайн-форму.

Сьпісы будзе фармаваць Гуманітарны кансыліюм, у склад якога ўвайшлі мэдыкі беларускага паходжаньня, якія жывуць у Чэхіі.

Перавагу будуць мець тыя, хто (незалежна ад полу):

  • з прычыны небясьпекі ня можа лекавацца ў Беларусі
  • патрабуе апэрацыю і/ці сур’ёзную рэабілітацыю і/ці крызісную дапамогу пасьля згвалтаваньня

а таксама

  • жанчыны і дзеці

#мы_разам #мы_з_вамі #CZhelp2020