122 эканамісты з 19 краінаў сьвету зьвярнуліся да беларускіх уладаў

Ілюстрацыйнае фота. Забастоўка на Менскім трактарным заводзе, 18 жніўня 2020 году

122 эканамісты з 19 краінаў сьвету выступілі са зваротам «да беларускіх уладаў, адміністрацыйнага апарату, палітычных дарадцаў і службаў бясьпекі Беларусі — тых, хто хоча лепшага для сваёй краіны і яе грамадзян».

У звароце яны асуджаюць гвалт супраць удзельнікаў мірных пратэстаў і прадказваюць «разбуральны эканамічны заняпад беларускай дзяржавы» ў выпадку далейшага вайсковага гвалту і злоўжываньня правамі чалавека і эканамічнымі правамі.

«Эканамічная гісторыя дае нам поўную ўпэўненасьць у тым, што нацыянальны росквіт залежыць ад празрыстасьці і падсправаздачнасьці ўладаў, а таксама іх павагі да правоў чалавека і эканамічных правоў», — гаворыцца ў звароце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чыноўнікам загадалі напужаць, вось яны гэта і робяць». Экспэрты пра эканамічныя страты Беларусі

Пры адсутнасьці ўсяго гэтага падпісанты ліста прадказваюць Беларусі:

1. Паскарэньне адтоку чалавечага і фінансавага капіталу

«Інвэстыцыі будуць зьмяншацца, доступ да замежнага капіталу будзе зьнікаць, а давер да фінансавага рынку будзе страчаны. Лекары, інжынэры і кваліфікаваныя спэцыялісты будуць масава пакідаць краіну, пазбавіўшы нацыю як культурнага слою, так і таленту, неабходнага для нацыянальнага багацьця. Беларусь не стане „ІТ-краінай“, блякуючы з палітычных матываў інтэрнэт для сваіх жыхароў і бізнэсу. Дасьледаваньні паказваюць, што блякаваньне інтэрнэту мае высокую эканамічную цану».

2. Зьмяншэньне сувэрэннага крэдытнага рэйтынгу да «сьмецьцевага» ўзроўню

«І без таго высокі кошт абслугоўваньня дзяржаўнага доўгу Беларусі яшчэ больш павялічыцца, што прывядзе да павышэньня падатковай нагрузкі і/або зьніжэньня дзяржаўных выдаткаў і пагаршэньня дзяржаўных паслуг. Краіна, дзе ўлады накладаюць адміністрацыйны кантроль на трэці велічынёй прыватны банк, ніколі ня будзе мець высокага сувэрэннага рэйтынгу».

3. Страту макраэканамічнай стабільнасьці

«Страта чалавечага і фінансавага капіталу і абмежаваньне доступу да міжнародных фінансавых рынкаў прывядзе да макраэканамічнай нестабільнасьці. Гэта выкліча высокую інфляцыю, дэвальвацыю беларускага рубля, узмацненьне дaлярызацыі эканомікі і нават крызіс банкаўскай сыстэмы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крах ІТ-краіны Лукашэнкі і палітэканомія беларускай рэвалюцыі