UPD. 22.11. тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію» паведаміў, што Павал Сячко знайшоўся і што цяпер ён зь сям'ёй.
Тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію» паведаміў пра зьнікненьне яшчэ аднаго свайго чальца — Паўла Сячко.
«Спачатку ў тэлефоннай размове ён паведаміў, што зь ім гутараць. На пытаньне, ці супрацоўнікі гэта сілавых структур, адказаў: „Не зусім. Адзванюся пазьней“. Празь некаторы час ён напісаў, што адыходзіць ад спраў і выйдзе на сувязь пазьней. Цяпер яго тэлефон недасяжны», — паведаміў страйкам шахтароў.
Гэта ўжо ня першае зьнікненьне чальца страйкаму шахтароў.
Адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» Дзьмітры Кудзялевіч зьнік у першай палове дня 20 жніўня. Доўгі час не было вядома, дзе ён. Як даведалася Свабода, цяпер Дзьмітры Кудзялевіч на тэрыторыі Ўкраіны. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў страйкаме «Беларуськалію».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» пасьля затрыманьня КДБ уцёк праз фортку і зьехаў ва ЎкраінуПаводле тэлеграм-каналу страйкаму, 20 жніўня Дзьмітрыя Кудзялевіча затрымалі супрацоўнікі КДБ і даставілі ў аддзел у Салігорску. Там ён папрасіўся ў прыбіральню і праз адчыненую фортку ўцёк. Падчас затрыманьня Кудзялевіч пасьпеў кінуць ключы ад аўта ў салён, а ў кішэні застаўся камплект ад жончынага аўтамабіля, які і забралі чэкісты.
Што адбываецца на «Беларуськаліі»
«Беларуськалій» працуе, але на прадпрыемстве незразумелая сытуацыя, паведаміў сёньня ў размове зь БелаПАН старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў Юры Захараў.
Паводле яго, з аднаго боку, дзейнічае страйкам, зь іншага, людзі ходзяць на працу. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што прафсаюз не вядзе страйк.
19 жніўня на мітынгу ў Салігорску страйкам «Беларуськалію» заявіў пра гатоўнасьць распачаць галадоўку, калі на страйкоўцаў будзе аказвацца ціск: пагрозы, звальненьні, сілавое ўзьдзеяньне.
Прадстаўнікі страйкаму сказалі, што ў сувязі з падзеямі, якія адбыліся падчас выбарчай кампаніі, саміх выбараў і ў наступныя дні, работнікі «Беларуськалію» знаходзяцца ў такім псыхалягічным стане, які не дазваляе якасна і бясьпечна выконваць працоўныя абавязкі.
Страйкам нагадвае: згодна з Канстытуцыяй працоўныя маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, у тым ліку праз рэалізацыю права на страйк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народ мае права сябе абараняць». Ці могуць рабочыя страйкаваць законна?