У Горадні на мітынг пратэсту прыйшоў мужчына з чырвона-зялёным сьцягам. ФОТА

На плошчы Леніна ўвечары 21 жніўня сабраліся некалькі сотняў чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Прыйшоў таксама чалавек з афіцыйнай дзяржаўнай сымболікай.

Відаць былі работнікі «Гродна Азот» у працоўнай форме. Людзі мірна скандавалі лёзунгі. Сыгналілі аўтамабілі. Побач дзяжурылі некалькі экіпажаў ДАІ, спынялі і правяралі аўтамабілі. Працаваў свабодны мікрафон, людзі выказваліся ў рупар.

Міліцыянты некалі разоў з машыны папярэджвалі, што сход несанкцыянаваны.

Пасярод сходу на сцэну, якой служыць пастамэнт помніка Леніну, падняўся чалавек з чырвона-зялёным сьцягам. Яго сустрэлі воклічам «Лукашэнка, сыходзь», але ніхто яго не чапаў.

Горадзенскія актывісты, якія падавалі апавяшчэньні аб мітынгу 23 жніўня ў цэнтры Горадні, атрымалі адказ, што паводле новага рашэньня мітынгі на плошчы Савецкай і плошчы Леніна не дазволеныя. 22 жніўня на плошчы Леніна ў Горадні мае адбыцца мітынг у падтрымку дзейнай улады.

Мітынг скончыўся скандаваньнем «Кожны дзень». Нікога не затрымлівалі.