Учора адбыліся перамовы паміж высокім прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэпам Бурэлем і міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым.
Адной з тэмаў была сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. Жузэп Бурэль паўтарыў, што Эўразьвяз ня лічыць гэтыя выбары ані свабоднымі, ані справядлівымі і таму не прызнае іх вынікаў. Ён заявіў пра неабходнасьць правесьці ў Беларусі нацыянальны інклюзіўны дыялёг, які прывядзе да канструктыўнага і мірнага вырашэньня крызісу. Усякага нэгатыўнага вонкавага ўмяшаньня неабходна пазьбягаць — падкрэсьліў высокі прадстаўнік ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»Ён паведаміў, што ЭЗ гатовы зрабіць свой унёсак у наладжваньне мірнага і канструктыўнага дыялёгу ў Беларусі, і дадаў, што Зьвяз цалкам падтрымлівае прапановы АБСЭ аб дыялёгу і гатовы аказаць дапамогу ў іх рэалізацыі. Жузэп Бурэль спадзяецца, што Расея як дзяржава —сябра АБСЭ можа станоўча паўплываць на падтрымку такіх прапановаў.
З свайго боку кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заклікаў высокага прадстаўніка ЭЗ у замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі прыняць меры, каб пэўныя краіны ЭЗ не правакавалі канфрантацыю паміж уладамі і апазыцыяй Беларусі.
У паведамленьні на сайце МЗС РФ наконт перамоваў Бурэль — Лаўроў сказана: «З абодвух бакоў была падкрэсьленая неабходнасьць яе ўрэгуляваньня самімі беларусамі, без умяшаньня звонку. Лаўроў зьвярнуў увагу Бурэля на дзеяньні асобных краінаў — чальцоў Эўразьвязу, якія ідуць насуперак гэтым прынцыпам, і заклікаў прыняць меры для спыненьня правакаваньня канфрантацыі паміж уладамі Беларусі і апазыцыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі адбываецца генацыд». Ад Курапатаў да Акрэсьціна стаў «Ланцуг пакаяньня». ФОТА, ВІДЭА