Зноў затрымлівалі аднаго з «дыджэяў пераменаў» Улада Сакалоўскага

Улад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў пасьля выхаду з турмы на Акрэсьціна 16 жніўня.

21 жніўня зноў затрымлівалі Ўлада Сакалоўскага, аднаго з «дыджэяў пераменаў», якія 6 жніўня на афіцыйным мерапрыемстве ў Кіеўскім сквэры ў Менску уключылі песьню Цоя «Перемен», паведамляе Tut.by у Тэлеграме са спасылкай на ягонага адваката.

Празь некалькі гадзінаў стала вядома, што яго вызвалілі. Прычына затрыманьня пакуль невядомая.

Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя на афіцыйным канцэрце каля кінатэатру «Кіеў», перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко.

Суд Цэнтральнага раёну Менску 7 жніўня прызнаў Кірыла і Ўладзіслава вінаватымі ў «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаваньні міліцыі». Абодва атрымалі па 10 содняў адміністрацыйнага арышту.

16 жніўня яны выйшлі з ізалятару часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшлі «дыджэі пераменаў». ФОТА. ВІДЭА

Улад Сакалоўскі пасьля вызваленьня расказаў «Нашай ніве», што ў карцары яго зьбіваў намесьнік міністра ўнутраных справаў Аляксандар Барсукоў.

Паводле Сакалоўскага, на трэці дзень зьняволеньня да яго прыходзіў «нейкі начальнік».

«Мне крыкнулі: тварам да сьцяны! Начальнік мне кажа: „Уключыў музыку? Перамен хацеў? Столькі людзей выйшла на вуліцы, столькі крыві праз вас! Ну, рыхтуйся, сядзеш гадоў на 10“. Двойчы ўдарыў ён мяне і выйшаў. Выходзячы, сказаў: „Чаго гэта ён тут як у санаторыі? Зрабіце як трэба“. Пасьля гэтага ложак перасталі адкідваць, абдула халодным паветрам. Было вельмі холадна», — расказаў ён.

Пасьля выхаду Ўлад Сакалоўскі пазнаў у гэтым начальніку Аляксандра Барсукова, намесьніка Караева. Барсукоў прыяжджаў пад турму ў ноч на 14 жніўня, запэўніваў людзей, што ў камэрах нікога ня б’юць і не катуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыджэй пераменаў» расказаў, што ў карцары яго біў намесьнік міністра Барсукоў