Аляксандар Лукашэнка сёньня, размаўляючы з работнікамі агракамбінату «Дзяржынскі», пракамэнтаваў прыезд у Белтэлерадыёкампанію журналістаў з Расеі, паведамляе БелТА.
Лукашэнка растлумачыў, што запрасіў расейскіх журналістаў пасьля таго, як некаторыя з супрацоўнікаў тэлекампаніі, «якіх ён на руках насіў», «выскачылі на вуліцы і пачалі мітынгаваць». Лукашэнка зазначыў, што тых, хто захацеў сысьці, не ўгаворвалі застацца: «Што толку, што ты яго сёньня ўтрымаў, угаварыў, а ён усё роўна будзе кукіш у кішэні насіць».
«Сёньня возьмем назад. Хто заўтра сыдзе — не прымаем»
У той жа час, паводле Лукашэнкі, ён гатовы прыняць журналістаў назад: «Я папрасіў расейцаў: дайце нам 2-3 групы журналістаў на ўсялякі выпадак. Гэта 6 або 9 чалавек з самай прасунутай тэлевізіі, — сказаў ён. — І наша моладзь хай паглядзіць, як працуюць. Слухайце, гэтыя яшчэ 2-3 групы не прыехалі, а палова тых, якія посьціліся і бегалі вакол Белтэлерадыёкампаніі, — назад. Я кажу: ну добра, сёньня возьмем назад. Хто заўтра сыдзе — не прымаем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутчэй за ўсё, гэта будзе YouTube». Супрацоўнікі БТ, якія страйкуюць, абмяркоўваюць стварэньне ўласнай прадукцыіНавіна пра страйк супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі зьявілася ў панядзелак 17 жніўня. Перш паведамлялі пра сотню пераважна тэхнічных супрацоўнікаў БТ, якія адмовіліся выконваць сваю працу з прычыны сытуацыі ў краіне. Ужо на наступны дзень, 18 жніўня, страйкоўцаў стала каля 300. Яны пачалі ладзіць акцыі ля будынку на Макаёнка 9, да пратэстоўцаў далучыліся вядомыя музыкі.
19 жніўня страйкоўцаў пачалі адцясьняць ад галоўнага офісу БТ сілавікі. На наступны дзень пратэст перамясьціўся на ўчастак праспэкту Незалежнасьці ля станцыі мэтро «Маскоўская».
Затым шэраг беларускіх СМІ паведамілі, што ў Менску страйкоўцаў зь Беларускай тэлевізіі замянілі былымі і дзейнымі журналістамі RT. Ішлося перадусім пра рэжысэраў, апэратараў, тэхнічны пэрсанал. Галоўная рэдактарка тэлеканалу Russia Today Маргарыта Сіманьян зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікаў БТ, якія страйкуюць, замянілі супрацоўнікамі Russia Today«Мы расіянам ня плацім наагул»
Лукашэнка заявіў, што запрасіў адну групу расейскіх журналістаў у прэзыдэнцкі пул. Пры гэтым расейскім журналістам нібыта Беларусь грошы ня плаціць, а фінансуюць іх з Расеі:
«Мы расіянам ня плацім наагул. Слухайце, няўжо я для 6 або 9 чалавек не знайду ў Расеі сяброў, якія падтрымаюць гэтых людзей?»
Лукашэнка дадаў, што спэцыялістаў у гэтай сфэры, у тым ліку ў суседніх краінах, даволі, і іх у патрэбе можна залучыць у працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі для падтрымкі рабочых, якія пратэстуюць, стварылі Нацыянальны страйкавы камітэт
«Прыедуць з Украіны шахтары. Іх мора — беспрацоўных»
Гэта ж тычыцца і шэрагу іншых прадпрыемстваў, у тым ліку «Беларуськалію». «Што вы бастуеце? Добра, бастуеце — добра. Я каманду дырэктару: ня трэба за імі бегаць. У нас у Салігорску 2 тысячы чалавек хочуць працаваць на „Беларуськаліі“. Яны прыйдуць. Ці не яны прыйдуць — ува ўсім сьвеце беспрацоўе. Прыедуць з Украіны шахтары. Іх мора — беспрацоўных», — заўважыў Аляксандар Лукашэнка.