Лукашэнка пра Купалаўскі тэатар: будзе поўная свабода і рынкавыя адносіны

Акцыя падтрымкі калектыву Купалаўскага тэатру, 20 жніўня

Аляксанадр Лукашэнка, размаўляючы з працоўным калектывам агракамбінату «Дзяржынскі», выказаўся аб сытуацыі вакол Купалаўскага тэатру, паведамляе БелТА.

«Цяпер яны спрабуюць напісаць нейкія заявы. А я думаю: яны хацелі свабоды, у іх лёзунг быў „Свабода. Рынак“. Я ім зараз прадастаўлю (і прадаставіў ужо) поўную свабоду. Ёсьць калектыў, заяўляйце ў Амэрыку, што прывезяце туды спэктакль, едзьце туды і стаўце спэктакль. Вам заплацяць даляр — падзяліце, заплацяць тысячу даляраў — тысячу падзяліце. Ня прымуць вас — ну гэта ж рынак. Зьезьдзіце ў Расею, пастаўце спэктакль. То бок поўная свабода, лётайце, стаўце спэктаклі. Мы ня будзем у гэта ўмешвацца. І рынкавыя адносіны: колькі зарабілі, столькі і атрымаеце», — заявіў Лукашэнка.

Ён дадаў, што дзяржава дае датацыі сфэры культуры, у тым ліку тэатральным калектывам, але цяпер будзе «поўная свабода і рынкавыя адносіны». «Што хацелі, тое і арганізуем ім», — дадаў ён.

Каля Купалаўскага тэатру сьпявалі на знак салідарнасьці. Фотарэпартаж

Раніцай 20 жніўня на галоўным уваходзе тэатру імя Янкі Купалы ў Менску зьявіўся плякат з надпісам: «Нас выгналі з дому, але мы не здамося!». На службовым уваходзе абвестка, што 19 і 20 жнўня непрацоўныя дні, бо ўва ўсіх памяшканьнях тэатру праводзіцца санітарна-эпідэміялягічная апрацоўка. Прадстаўніца тэатру Натальля Жарнак сказала, што купалаўцаў не пускаюць у будынак.

Пасьля таго як дырэктар тэатру Павал Латушка падтрымаў пратэсты, міністэрства яго звольніла. У адказ больш за 100 чалавек уключна з акторскім складам падалі заявы на звальненьне.

19 жніўня актор Купалаўскага тэатру Сяргей Чуб паведаміў Свабодзе:

«Новы дырэктар заключыў дамову з дэпартамэнтам аховы МУС. І вось міліцыя ў сіняй форме заблякавала ўсе ўваходы ў тэатар. Мяне асабіста груба выштурхалі з дзьвярэй, калі я пытаў, на якой падставе ўсё заблякавана. Адмовіліся адказваць. Бел-чырвоныя-белыя сьцягі з будынку прыбралі.

Усяго было больш за сто заяваў на звальненьне, але і паловы хапіла б, каб паралізаваць працу. На паперцы на дзьвярах тэатру напісана, што ў сувязі з санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй ідзе апрацоўка ўсіх памяшканьняў тэатру, і 19 ды 20 жніўня абвешчаныя выходнымі днямі».