Дзяржаўная памежная служба Ўкраіна ўзмацніла ахову ўкраінскай дзяржаўнай мяжы напярэдадні сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.
Як паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі памежнай службы, дадатковыя сілы рэзэрву задзейнічалі «для гарантаваньня высокага ўзроўню бясьпекі на мяжы, зьніжэньня ваенных і тэрарыстычных пагрозаў», а таксама каб супрацьстаяць распаўсюджваньню каранавірусу.
Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ўдакладніў, што ўзмоцнены рэжым аховы мяжы на беларускім кірунку будзе ажыцьцяўляцца да «поўнай стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі».
Ён дадаў, што пакуль «украінскія памежнікі ніводнага разу не зафіксавалі перамяшчэньня (на тэрыторыі Беларусі. — РС) нейкай тэхнікі ўздоўж супольнага ўчастку мяжы».
- На беларуска-ўкраінскай мяжы працуе 7 пунктаў пропуску.
- 20 жніўня Міністэрства замежных спраў Украіны перадало кіраўніцтву краіны прапановы аб далейшым разьвіцьці ўкраінска-беларускіх дачыненьняў і рэагаваньні на сытуацыю, якая склалася ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- Такія прапановы былі распрацаваныя па выніках кансультацый з украінскім амбасадарам у Беларусі Ігарам Кізімам, які быў адкліканы 17 жніўня пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб умяшаньні Ўкраіны ва ўнутраныя справы Беларусі і перадачы Расеі затрыманых на беларускай тэрыторыі прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якія ваявалі на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу.
- Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км — на сухапутным участку, 325,9 км — на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км па зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС. Прылеглая да дзяржаўнай мяжы тэрыторыя цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, невялікімі азёрамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большая частка зь якіх даўно не працуе. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўпершыню ў гісторыі адклікала свайго амбасадара зь Менску