Пра гэта Свабодзе паведамілі ў страйкаме «Беларуськалію». Сам Кудзялевіч пакуль на сувязь не выходзіць.
Адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалія» Дзьмітры Кудзялевіч зьнік у першай палове дня 20 жніўня. Доўгі час месца яго знаходжаньня не было вядомае. Позна ўвечары 20 жніўня Кудзелевіч пазваніў жонцы і паведаміў, што знаходзіцца ў бясьпецы, аднак дадому так і не вярнуўся. Некаторыя падрабязнасьці здарэньня ён патлумачыў у кароткім відэароліку, апублікаваным раніцай 21 жніўня.
«Добры вечар, мае сябры, мае паплечнікі, — гаворыць Дзьмітры Кудзялевіч. — Адразу хачу падзякаваць вам за намаганьні ў пошуках мяне, за імгненную рэакцыю, за вашу падтрымку. Сёння сапраўды адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак, які ўражвае сваёй беспрынцыпнасьцю і нахабствам. З 10 да 11 гадзінаў мне на тэлефон паступіў званок з просьбай прыехаць на сустрэчу для тлумачэньня пазыцыі нашай Каардынацыйнай рады. Аднак мяне сустрэлі людзі далёка не дружалюбныя і далёка не аднадумцы. Выцягнуўшы з машыны, яны пагрузілі мяне і завезьлі на вядомую вуліцу Паркавую (адрас міжраённага ўпраўленьня КДБ. — РС)».
У роліку Дзьмітры Кудзялевіч таксама паведамляе, што спэцслужбы вельмі пільна сочаць за ўсімі крокамі страйкамаў на «Беларуськаліі». Па яго словах, у бліжэйшы час ён плянуе вярнуцца да працы ў страйкаме.
Як стала вядома Свабодзе, цяпер Дзьмітры Кудзялевіч знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў страйкаме «Беларуськалію».
Паводле тэлеграм-каналу страйкаму, 20 жніўня Дзьмітрыя Кудзялевіча затрымалі супрацоўнікі КДБ і даставілі ў аддзел у Салігорску. Там ён папрасіўся ў прыбіральню і праз адчыненую фортку ўцёк. Падчас затрыманьня Кудзялевіч пасьпеў кінуць ключы ад аўта ў салён, а ў кішэні застаўся камплект ад аўтамабіля жонкі, які і забралі чэкісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»