Дырэктар дэпартамэнта найбуйнейшай у Беларусі ІТ-кампаніі EPAM Павал Лібер расказаў у Фэйсбуку, што ўдзельнічаў у стварэньні плятформы для альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах-2020 «Голас», якая канстатавала вялікую колькасьць фальсыфікацый падчас галасаваньня. Раней стваральнікі праекту захоўвалі ананімнасьць.
Сёньня «Голас» разам з ініцыятывай «Честные люди» апублікавалі прамежкавыя вынікі альтэрнатыўнага падліку галасоў. Зь іх можна зрабіць выснову, што Аляксандар Лукашэнка ня мог набраць 80%, як палічыла ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Большую частку галасоў за Ціханоўскую скралі», — прамежкавыя вынікі на плятформе «Голас»«Я нейкі час захоўваў ананімнасьць і да гэтага часу знаходжуся не ў Беларусі для бясьпекі праекта. Але сёньня важны дзень, калі ў плятформы павінен быць не толькі голас, але і твар. Сёньня мы публікуем нашы вынікі. І я не хачу, каб яны былі ананімнымі. Ананімнасьць спараджае недавер, а „Голас“ наадварот ствараўся для адкрытасьці ва ўсім — асабліва ў працэсе падліку галасоў выбаршчыкаў», — напісаў Лібер.
Паводле яго, плятформа «Голас» стала «сапраўдным сымбалем грамадзянскага кантролю за сумленнасьцю старшыняў камісій, веры выбаршчыкаў у абарону свайго выбару і надзеі на тое, што лічбавыя тэхналёгіі ў гэты раз дапамогуць справядлівасьці адбыцца».
«Кожны чалец камісій бачыў, як людзі фатаграфуюць свае бюлетэні. Кожны з іх стаў перад выбарам — лічыць галасы сумленна ці рызыкнуць і спадзявацца на абарону рэжыму. Гэтая плятформа была цалкам створана беларускімі прафэсіяналамі (больш за 40 чалавек) — выдатнай камандай неабыякавых валянтэраў. „Голас“ нараджаўся і разьвіваўся як абсалютна апалітычная сыстэма, закліканая пералічыць галасы людзей, абараніць іх выбар ад фальсыфікацый і мець фота з доказам гэтага выбару. Наша каманда ніколі не агітавала за каго-небудзь з кандыдатаў і ніколі не заклікала да масавых пратэстаў», — расказаў праграміст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія налічыла Ціханоўскай 244 галасы, а выбарнікі даслалі 1850 фота бюлетэняўНа падставе сабраных плятформай дадзеных, Павал Лібер сьцьвярджае, што выбары прэзыдэнта Беларусі былі «цалкам сфальсыфікаваныя».
Вось тры яго галоўныя высновы:
- «Выбары трэба прызнаць несапраўднымі, бо фальсыфікацыі выявілі на кожным трэцім участку. У Беларусі павінны прайсьці новыя — сумленныя і празрыстыя — выбары прэзыдэнта».
- «Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра. Ён нават не знайшоў час пералічыць свае ж (хай і сфальсыфікаваныя) выніковыя пратаколы з выбарчых участкаў».
- «Аляксандр Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам. І вельмі б хацелася, каб ён азнаёміўся з гэтай справаздачай да яго ўжо знакамітай фразы «як можна сфальсыфікаваць 80%?».
Што такое плятформа «Голас»
Плятформу запусьціла ініцыятыва «Честные люди», аб стварэньні якой абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка. На плятформе зарэгістраваліся 1,15 млн карыстальнікаў.
«Плятформа «Голас» існуе для таго, каб кожны мог даведацца, колькі галасоў было аддадзена за кандыдатаў на яго ўчастку, і параўнаць з дадзенымі пратаколу, — пішуць на сайце. — Усё, што трэба зрабіць, — даслаць фота абодвух бакоў вашага бюлетэню ў чат-бот „Голасу“. Толькі бюлетэнь, бяз пашпарту і сэлфі. Ваш голас застанецца ананімным».
У дзень выбараў 9 жніўня сайт быў недасяжны ў шэрагу беларускіх правайдэраў, а некаторыя карыстальнікі паведамлялі, што замест арыгінальнага «Голасу» адкрываецца фальшывы сайт, які прасіў увесьці тэлефонны нумар.
Што ўлады казалі пра «Голас»
6 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў альтэрнатыўнага падліку галасоў на выбарах у Беларусі.
«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, — гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў ён.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў відэазвароце ад 6 жніўня, што дзейнасьць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў» і зьяўляецца «стварэньнем ценевага Цэнтравыбаркаму, ня больш і ня менш».
У Генэральнай пракуратуры 7 жніўня заявілі, што онлайн-плятформы «Голас» і Zubr.in займаюцца правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў без акрэдытацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плятформа «Голас» адказала на абвінавачаньні Ярмошынай у «злачынстве»