Больш за 1000 чалавек прысутнічалі на сустрэчы ў Жлобіне з чальцом Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады Марыяй Калесьнікавай.
Апроч прыхільнікаў пераменаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, на сустрэчу прыйшлі і людзі з афіцыйнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі.
Калесьнікава заявіла, што прыехала падтрымаць рабочых Беларускага мэталюргічнага заводу, дзе ўжо часткова перапынялі вытворчасьць на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.
«Я вамі ганаруся. Яны спрабуюць нас запалохваць, але нас шмат, вы — неверагодныя», — сказала Калесьнікава.
Выступаць ёй перашкаджаў вайсковы камісар Гомельскай вобласьці падпалкоўнік Андрэй Крываносаў з мэгафонам, які «прадстаўляў» пазыцыю ўладаў. Урэшце апанэнты дамовіліся выступаць па чарзе.
Ваенкам даводзіў, што заводы павінны працаваць, інакш ня будзе грошай у бюджэце. «Давайце паслухаем мяне! Толькі што сказалі, што народ Беларусі запалохваюць, падыміце рукі, каму пагражалі звальненьнем», — кажа ён.
Людзі сустрэлі яго пытаньне крыкамі «Верым! Можам! Пераможам!» і «Сыходзь!».
Your browser doesn’t support HTML5
Калі Марыя Калесьнікава завяршыла выступ і накіравалася да паркоўкі з аўтамабілем, сьледам за ёй пайшла калёна прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, якая выгуквала «Зьяжджай!» і «Беларусь не аддадзім!».