Як паведаміла Свабодзе жонка палітыка Паўла Севярынца Вольга, сёньня ёй патэлефанавалі са Сьледчага камітэту.
Паведамілі, што «на Паўла Севярынца заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу № 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Ён затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна».
Адвакат патлумачыў Вользе, што яе мужа падазраюць па артыкуле 293 КК аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, як і многіх іншых палітвязьняў.
Вольга заўтра зьбіралася сустракаць Паўла пасьля 75 сутак адміністрацыйнага арышту.
«Самае брыдкае, што на яго заводзяць крымінальную справу пасьля вялікага тэрміну арышту, у апошнюю хвіліну, калі ён ўжо рыхтаваўся выйсьці на волю, ён там нямыты, няголены, і вось яго не выпускаюць нават на дзень, каб ён сям’ю пабачыў. Так яго баяцца, што ён тут рэвалюцыю арганізуе», — сказала Свабодзе Вольга Севярынец.