19 жніўня памочнік Лукашэнкі ў пытаньнях фінансава-крэдытнай сыстэмы Валер Бельскі заявіў, што беларуская эканоміка страціла 500 мільёнаў даляраў. Глядзім, адкуль ён узяў гэтую лічбу.
«Страты ад акцыяў пратэсту — гэта ня тыя 500 тысяч, якія выдаткаваны на аднаўленьне кветнікаў і газонаў. Актуальная шкода ўжо склала ня менш як $500 млн. Адтэрмінаваныя страты лічацца на мільярды. Парушаныя асновы створанай за гады сыстэмы замежнага крэдытаваньня, пацярпела інвэстыцыйная прывабнасьць краіны», — сказаў Валер Бельскі.
Страты ад пратэстаў і забастовак
Паводле фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, «страты падчас пратэстаў былі ад АМАПу»
«Страты падчас пратэстаў былі — гэта разьбітыя АМАПам аўтамабілі. Страты ад забастовак ацаніць складана, яны не татальныя, прадпрыемствы бастуюць у розным рэжыме, дзесьці страйк цягнецца некалькі гадзінаў на дзень, а дзесьці людзі выходзяць у абед. Дагэтуль былі заявы прэм’ера, што ўсё добра, а цяпер пачынаюць гаварыць аб стратах, гэта значыць, страйкаў ня могуць ігнараваць», — кажа Вадзім Іосуб.
Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, лічба ў 500 мільёнаў даляраў «узятая са столі».
«Гэта спосаб бюракратаў сьпісаць на працоўных свае страты. А з другога боку — гэта спосаб запужаць, гэта не эканамічная, а палітычная тэза, каб нагнаць страху. Калі спыніцца БелАЗ ці іншае транспартабудаўнічае прадпрыемства, дык у іх на складах поўна прадукцыі. Чыноўнікам далі загад напужаць, вось яны гэта і робяць», — падсумоўвае Яраслаў Раманчук.
Падзеньне аблігацыяў
І дадае, што ў прыведзенай лічбы няма ніякай мэтодыкі падліку.
Таксама памочнік Лукашэнкі казаў, што таньнеюць дзяржаўныя аблігацыі Беларусі, і зьвязваў гэта з пратэстамі. Але, паводле Яраслава Раманчука, рэакцыя фондавых пляцовак зьвязана з іншым.
«Ёсьць палітычныя рызыкі і рызыка ўвядзеньня санкцыяў, з гэтым і зьвязана падзеньне дзяржаўных аблігацыяў», — кажа Яраслаў Раманчук.
Вывад капіталу
Паводле парталу banki24.by, у беларускіх банках цяпер узьнікла праблема адтоку сродкаў кліентаў, але гэта не замежныя крэдыторы, а беларускія сродкі. Гэта можа быць выклікана адтокам сродкаў прадстаўнікоў ІТ-галіны, якраз спэцыялісты гэтай сфэры падчас пратэстаў актыўна выказвалі сваю грамадзкую пазыцыю. Многія грамадзяне паведамляюць аб немагчымасьці зьняць замежную валюту ў банкаматах.