Крэмль бачыць «ускоснае і прамое» ўмяшаньне ў справы Беларусі

Дзьмітрый Пяскоў

У Крамлі лічаць, што ўступленьне Расеі або іншых дзяржаваў у дыялёг зь беларускай апазыцыяй, ня згоднай з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, будзе лічыцца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Ён ня стаў канкрэтызаваць тыя сілы і краіны, якія нібыта спрабуюць аказваць уплыў на падзеі ў Беларусі. Аднак, паводле яго, у Крамлі канстатуюць, што «ўскоснае і нават прамое ўмяшаньне мае месца».

«Мы лічым, што ў першую чаргу павінен ажыцьцяўляцца дыялёг унутры Беларусі. Бо калі замежныя краіны, у тым ліку і Расея, пачнуць дыялёг з апазыцыяй, то гэта будзе ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы», — сказаў у чацьвер журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта РФ.

Пяскоў падкрэсьліў, што Расея не зьбіраецца ўмешвацца ў сытуацыю ў Беларусі, зьвязаную з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная пракуратура завяла справу ў сувязі зь дзейнасьцю Каардынацыйнай рады, падазраюць «захоп улады»