Сёньня раніцай на дзьвярах галоўнага ўваходу тэатра імя Янкі Купалы ў Менску зьявіўся плякат з надпісам: «Нас выгналі з дому, але мы не здамося!».
На службовым уваходе абвестка, што 19 і 20 жнўня непрацоўныя дні, бо ўва ўсіх памяшканьнях тэатру праводзіцца санітарна-эпідэміялягічная апрацоўка.
Кавярня «Аўстэрыя Уршуля» не працуе, на ёй абвестка «Спэцабслугоўваньне».

Ля Купалаўскага тэатру 20 жніўня.
Каля 50 актывістаў утварылі кола каля галоўнага ўваходу ў Купалаўскі тэатар. Некаторыя ў народных строях, сьпяваюць «Рэчаньку». Музыка Сяржук Доўгушаў сказаў, што людзі зьбіраюцца прыходзіць сюды штодня а 12-й, а потым зьбіраюцца каля філярмоніі, дзе таксама будуць сьпяваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка пракамэнтаваў захоп Купалаўскага тэатру сілавікамі
Прадстаўніца тэатру Натальля Жарнак падзякавала прысутным за падтрымку. У інтэрвію Свабодзе яна сказала, што купалаўцаў не пускаюць у будынак.
«Тэатар зачынены, нічога не зразумела. Мы ня ведаем, у якім мы стане, мы паміж небам і зямлёй. Але нашы патрабаваньні застаюцца, мы супраць гвалту. Вельмі страшна тое, што зрабілі з нашымі душамі. Як будуць жыць людзі, якія аддавалі загад, мне цяжка ўявіць. Як можна руйнаваць тое,што ты не ствараў? Але перамога будзе за намі»,— сказала яна.

Купалаўскі тэатар, Менск, пратэст, 20 жніўня 2020
Пасьля таго як дырэктар тэатру Павал Латушка падтрымаў пратэсты, міністэрства яго звольніла, і акторы падалі заявы на звальненьне. 19 жніўня актор Купалаўскага тэатру Сяргей Чуб паведаміў Свабодзе:
«Новы дырэктар заключыў дамову з Дэпартамэнтам аховы МУС. І вось міліцыя ў сіняй форме заблякавала ўсе ўваходы ў тэатар. Мяне асабіста груба выштурхалі з дзьвярэй, калі я пытаў, на якой падставе ўсё заблякавана. Адмовіліся адказваць. Бел-чырвоныя-белыя сьцягі з будынку прыбралі.
Купалаўскі тэатар, Менск, пратэст, 20 жніўня 2020.
Усяго было больш за сто заяваў на звальненьне, але і паловы хапіла б, каб паралізаваць працу. На паперцы на дзьвярах тэатру напісана, што ў сувязі з санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй ідзе апрацоўка ўсіх памяшканьняў тэатру, і 19 ды 20 жніўня абвешчаныя выходнымі днямі».