Старшыня Горадзенскага гарвыканкаму выказаў свае патрабаваньні да пратэстоўцаў. ВІДЭА 

Старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой. Архіўнае фота.

Старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой зьвярнуўся да жыхароў гораду, прыгразіўшы «законнымі захадамі» тым, хто парушае грамадзкі парадак.

«Апошнія падзеі паказалі, што мы можам страціць разуменьне і згоду ў грамадзтве, — адзначыў начальнік гораду. — Наша імкненьне да дыялёгу, пацьверджаньне неабыякавасьці да лёсу Горадні і яе жыхароў відавочнае. Падтрымліваючы неад’емнае права на выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі, лічым, што яго рэалізацыя павінна адбывацца ў цывілізаваных рамках дзейнага заканадаўства».

Як заявіў Мечыслаў Гой, асобныя ўдзельнікі «пратэставых мерапрыемстваў» заклікаюць да страйкаў. Акрамя таго, апускаюцца да абразаў, запалохваньняў і пагрозаў фізычнай расправы пэдагогам, кіраўнікам прадпрыемстваў, сем’ям супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і проста людзей, якія маюць іншы пункт гледжаньня.

«Мы просім усіх жыхароў гораду ўзважана і канструктыўна падыходзіць да рэалізацыі свайго права на свабоднае выказваньне думкі. Не паддавацца на правакацыі і ананімныя заклікі да супрацьпраўных дзеяньняў, здольных нанесьці шкоду працоўным правам і законным інтарэсам грамадзянаў», — заклікаў кіраўнік Горадзенскага гарвыканкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўная тэлевізія Горадні ўключыла жывую трансьляцыю акцыі пратэсту ў цэнтры гораду. ВІДЭА

Зьвяртаючыся да гараджанаў, ён агучыў шэраг патрабаваньняў.

  • Выконваць закон аб масавых мерапрыемствах
  • Адмовіцца ад ціску на сем’і горадзенцаў, якія выконваюць свой службовы абавязак
  • Спыніць распаўсюджваць праз сацыяльныя сеткі хлусьлівую інфармацыю пра цяперашнія падзеі
  • Выконваць права на адпачынак горадзенцаў у цішыні, на грамадзкі парадак і бясьпеку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні прайшла жалобная акцыя памяці дырэктара ваўкавыскага музэю. ФОТА

Чыноўнік прыгразіў, што ўлады пакідаюць за сабой права прыняць законныя захады да людзей, якія парушаюць гэтыя патрабаваньні.